Павел Усаў: Лукашэнка палохае тэрарызмам



Аляксандр Лукашэнка палохае і пагражае тэрарызмам. Ён абвінавачвае пратэстныя сілы ў падрыхтоўцы тэрактаў і больш таго ўскладае віну на ініцыятыву „ByPol” і асабіста Святлану Ціханоўскую за радыкалізацыю грамадства.

Такую стратэгію ўлады выкарыстоўваюць, каб дыскрэдытаваць пратэстную супольнасць, апраўдаць гвалт сілавікоў і застрашыць грамадства, кажа палітычны аналітык Павел Усаў. Не прызнаныя міжнароднай супольнасцю ўлады самі пачынаюць небяспечную гульню:

– Гульня з вось такімі тэрарыстычнымі пагрозамі яна небяспечная, у тым сэнсе, што з аднаго боку ціск, з іншага боку адсутнасць нейкіх прававых метадаў рэгулявання ўзаемаадносінаў, у тым ліку і палітычных унутры грамадства. Трэці момант, гэта фактычна вядзенне тэрарыстычнай непрыкрытай вайны супраць грамадства, што так ці інакш прыводзіць да радыкалізацыі грамадства. Шмат мы маем прыкладаў і з уласнай гісторыі.

Пасля выказванняў Аляксандра Лукашэнкі – Генпракуратура Беларусі імгненна абвінаваціла Святлану Ціханоўскую ды „ByPol” у падрыхтоўцы тэрактаў на тэрыторыі Беларусі – на іх завялі крымінальную справу паводле арт. 289 КК („Падрыхтоўка тэракту”). Ініцыятыва „ByPol” 24 сакавіка папярэдзіла, што ўлады рыхтуюць тэракты, а ўжо 26 сакавіка беларускі МУС паведаміў, што сілавікі прадухілі тэракты, а нібыта сляды планаваных нападаў вядуць да „ByPol”.

Беларускае Радыё Рацыя