Павел Усаў: Лукашэнка стварыў перадумову таго, каб вайна перанеслася ў Беларусь
„Госць Рацыі” палітычны аналітык Павел Усаў.
РР: Нібыта раней толькі гучалі заявы пра размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, а цяпер працэс пачаўся, бо зноў сустракаліся міністры абароны Беларусі і Расеі, зноўку гавораць пра гэтую ядзерную зброю, якая мае з’явіцца на тэрыторыі Беларусі. Масква паўтарае, што кіраваць гэтай ядзернай зброяй будуць менавіта з Расеі.
– Пачнем з таго, што ва ўмовах вайны любыя заявы трэба разглядаць сур’ёзна, асабліва калі яны тычацца Беларусі, расейскіх інтарэсаў ва Украіне. Ад самага пачатку 2020 года было зразумела, што Расея будзе імкнуцца максімальна кантраляваць Беларусь, максімальна цягнуць яе ў свае вайсковыя, палітычныя і стратэгічныя планы. Тое, што мы назіраем. На сённяшні момант размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў нашай краіне – гэта працяг экспрапрыяцыі Беларусі, пазбаўлення яе незалежнасці і суверэнітэту. Фактычна гэта такое ўкладанне яе ў прастору новай Расейскай імперыі. Безумоўна са знешнім кантролем, гэта будзе датычыць не толькі ядзернай зброі, магчыма іншых вайсковых стратэгічных аб’ектаў. Судзячы па тэндэнцыі, судзячы па намерам Пуціна, Крамля, калі Расея ў бліжэйшыя часы не будзе разбурана паразай ва Украіне, то ўсталюецца і ваенна-палітычны кантроль над Беларуссю. Будуць уведзены механізмы кантролю над беларускай арміяй, над беларускай палітычнай сістэмай ды іншымі структурамі, інстытутамі беларускай дзяржавы, якая такой па сутнасці перастане быць.
РР: Вы кажаце, калі бліжэйшым часам Расея не будзе разгромлена. Які гэта час? Год, два, або да канца гэтага года мае ўсё вырашыцца, каб сапраўды вось такія большыя праблемы не з’явіліся найперш у гэтай сітуацыі? Мы гаворым пра Беларусь.
– Калі мы ацэньваем сённяшнюю сітуацыю ва Украіне, пра падрыхтоўку да розных крокаў па вызваленні тэрыторыі ад расейскіх акупантаў, то канешне максімальны тэрмін, калі гэты працэс павінен быць завершаны, перш за ўсё вызваленне Украіны, а потым працэс унутранай дэстабілізацыі Расеі – гэта год-два. Калі працэс зацягнецца на даўжэй, то на жаль не будзе ні сродкаў, ні рэсурсаў, ні магчымасцяў, ні ўмоваў, пашыраць дзеянні, напрыклад, у самой Расеі, ціснуць ці ствараць гарачыя кропкі ў самой Расеі. Яна тады паспее стабілізавацца, паспее стварыць унутраныя фільтры для таго, каб такія пагрозы, як мы бачылі ў Белгарадзе, каб яны не перакінуліся на шырокія прасторы Расейскай Федэрацыі. Такі працэс як раз такі і ёсць распадам Расеі. Дык вось, калі на працягу двух гадоў Расея ўсё ж такі захаваецца, а паралельна яна будзе нарошчваць сваю прысутнасць у Беларусі, бо гэта будзе як кампенсацыя за страты ці геапалітычная дэманстрацыя, перш за ўсё ўласнаму электарату, што вайна ўсё ж такі нейкія мэты ўсё ж такі дасягнула. Калі да канца не дэмілітарызавалі Украіну, то прынамсі ўтылізавалі дзяржаўнасць Беларусі. Менавіта ўтылізавалі, бо ўжо зараз мы назіраем, што дзяржаўнасці і суверэнітэту нашай краіны няма. Яна цалкам знаходзіцца пад ціскам, пакуль мы не бачым інстытуцыянальных зменаў, але гэта ўжо форма, палітычны змест абсалютна відавочны – Расея размясціла сваю ядзерную зброю. Гэта фактычна тое ж самае, што павесіць трыкалор у цэнтры Менску над урадавымі будынкамі. Вось што такое ядзерная зброя Расеі ў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя