Павел Усаў: Можна чакаць ціску Расеі ў іншых накірунках інтэграцыі



Палітолаг, публіцыст і аналітык Павел Усаў у эфіры нашага радыё выказаўся на тэму дарожных мапаў або саюзных праграм, падпісанне якіх анансавана на 4 лістапада. З ім размаўляў наш карэспандэнт Стас Дадэрка.

РР: Цікава як фізічна будуць падпісаныя гэтыя дакументы, калі спадар Пуцін сказаў, што будзе ўдзельнічаць анлайн у гэтым  мерапрыемстве. Што вы думаеце на гэты конт? І чаго нам увогуле чакаць 4 лістапада?

Павел Усаў: Думаю, што ўсё ж такі дакументы будуць падпісаныя. Гэта ўжо пытанне гонару для расейскага прэзідэнта, бо фактычна на падпісанне гэтых дарожных мапаў ён паклаў свой палітычны аўтарытэт. Улічваючы тое, як доўга Лукашэнка рэкламаваў гэты працэс падпісання і пасля таго, як быў агучаны мемарандум, было зразумела, што кропкі над палітычнай інтэграцыяй цалкам расстаўлены. Менавіта кропкі, а не шматкроп’е. І ў цяперашніх умовах адмова Лукашэнкі падпісаць гэтыя мапы 4 лістапада была б нават у Расеі ўспрынятая як чарговы ўдар па Пуціну, чарговая дэманстрацыя нават такой палітычнай безвагі з боку Лукашэнкі над кіраўніком Расеі. А таксама гэта была б у пэўным сэнсе дэманстрацыя слабасці Пуціна на міжнароднай арэне, маўляў, нейкі там нелегітымны Лукашэнка ўсцяж адмаўляецца саступаць кавалкі беларускага суверэнітэту. Таму гэтыя карты будуць падпісаныя.

А як гэта будзе зроблена тэхнічна…

РР: Так, я і маю на ўвазе, што трэба  прысутнічаць непастрэдна, каб абодва кіраўнікі паставілі свае подпісы на паперы.

Павел Усаў: Зараз у век тэхналогій гэта не будзе праблемай. Праблемы з гэтымі экзэмплярамі подпісаў дакументаў не можа быць – бакі могуць абмяняцца, напрыклад, Лукашэнка падпіша адзін экзэмпляр, а Пуцін падпіша іншы экзэмпляр. Потым гэта будзе пераслана ў Менск і адпаведна ў Сочы ці ў Маскву. Тэлеграфам ці факсам – гэта ўжо асабліва мець значэння не будзе. Цяпер гэта выглядае больш як фармальнасць. Гэта можа завізаваць Мезенцаў як дзяржсакратар саюзнай дзяржавы. Думаю, што гэта не будзе ключавым пытаннем, так ці інакш гэты працэс, прынамсі ў тым фармаце 28 дарожных мапаў, будзе завершаны 4 лістапада. Бо, яшчэ раз падкрэслю, у іншым выпадку гэта будзе даволі моцнай праявай слабасці геапалітычнай і будзе азначаць тое, што нейкім чынам у Расеі скончыліся рэсурсы механізму ціску на Лукашэнку, і яны ўвогуле саступаюць ідэям далейшай інтэграцыі.

А цяпер для Расеі нават такога роду крокі  – пашырэнне інтэграцыі і падпісанне дарожных мапаў, на якія яны націскалі на працягу апошніх двух гадоў, і фактычна адзін з чыннікам палітычнага крызісу мінулага года было якраз такі ціск Расеі і жаданне аслабіць Лукашэнку да такой ступені, каб ён пагадзіўся на праграму, прынамсі мінімум 28 дарожных мапаў. Пасля чаго, безумоўна, можна чакаць ціску Расеі ў іншых накірунках інтэграцыі.

Мы бачым, што вайскова-стратэгічная супраца развіваецца вельмі дынамічна і паглыбляецца на карысць Расеі, даволі небяспечна для Беларусі. А з іншага боку Расея таксама зацікаўленая ў тым, каб мага хутчэй рэалізаваць праекты, звязаныя з пабудовай супольных наддзяржаўных палітычных інстытутаў. Каб ператварыць ужо Беларусь не ў суб’ект інтэграцыйных працэсаў, а ў аб’ект, у дачыненні да якога Расея будзе рэалізоўваць свае стратэгічныя ў эканамічным і палітычным плане інтарэсы.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя