Павел Усаў: Беларусь ад гэтай сустрэчы выйграе ў іміджавым плане
Менск прымае лідараў Нямеччыны, Францыі, Расеі і Украіны. Беларусь ад гэтай сустрэчы выйграе ў іміджавым плане, а калі б Лукашэнка вызваліў палітвязняў, дзверы Захаду былі б для Менску адчыніцца, лічыць беларускі палітычны эксперт Павел Усаў.
– Палепшыўся бы інвестыцыйны клімат, палепшыліся бы і дыпламатычныя адносіны з пэўнымі далейшымі вынікамі, напрыклад, магчымага крэдытавання, падтрымкі фінансавай для беларускай гаспадаркі. Але, на жаль, Лукашэнка не адчувае, што ёсць гэты момант, які трэба выкарыстоўваць – на “фул”, як кажуць.
Менск з лета мінулага году стаў месцам сустрэчаў кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, акрамя таго летась Менск наведала былая кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Кэтрын Эштан. Кіраўнікі еўрапейскіх краінаў не наведвалі Менск ужо цягам амаль 20 гадоў.
* * *
Спыненне агню ад заўтрашняй раніцы, адвод цяжкага ўзбраення ад лініі фронту ды аўтаномія і выбары на Данбасе. Украінская праўда апублікавала дакумент, які перадалі прадстаўнікам кантактнай групы Расея-Україна-АБСЕ па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе прадстаўнікі так званай ДНР і ЛНР.
У дакуменце самі ДНА і ЛНР не згадваюцца, а называюцца ўзроенымі фармаваннямі некаторых раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей.
“Выкананне гэтых дамоўленасцяў малаверагоднае, бо ў дэмілітарызаваную зону трапляюць Данецк і Луганск”, – кажа палітычны эксперт Павел Усаў.
– Я не веру ў тое, што расейскія так бы мовіць “валанцёры-вайскоўцы” і сепаратысты вывядуць узбраенне з тэрыторыі Данбасу, бо на сёння гэта аснова абароны гэтых войскаў. Трэба разумець, што дадзены праект, дадзеная стратэгія ўлагоджання сітаўцыі на Данбасе не адпавядае стратэгічным мэтам Расеі.
Прадстаўнікі так званых ДНР і ЛНР хочуць каб Україна спыніла антытэрарыстычную аперацыю да 23 лютага, а да канца сакавіка, быў акрэслены аўтаномны статус некаторых раёнаў Данбасу і праведзеныя муніцыпальныя выбары.
* * *
У прэсавым цэнтры Палаца Незалежнасці, дзе па выніках Менскага саміту можа адбыцца брыфінг для прэсы, разам са сцягамі краін-удзельніц «Нармандскай чацвёркі» (Нямеччына, Расея, Украіна, Францыя), змешчаны і сцяг Беларусі.
Увечары ў беларускай сталіцы мае адбыцца сустрэча кіраўнікоў Нямеччыны Францыі Украіны і Расеі.
Канкрэтнага дакумента пакуль няма, існуе толькі агульнае бачанне, як можна спыніць баявыя дзеянні на Данбасе, кажа палітычны эксперт Павел Усаў.
– Зразумела, што на сённяшні дзень мы не ведаем, як выглядае агульная стратэгія, ёсць толькі пэўныя элементы. Перш за ўсё, гэта стварэнне дэмілітарызаванай зоны – дзесьці 70-ці кіламетраў вакол Данбасу.
Сустрэча лідараў чатырох краінаў распачнецца ў 18.30 паводле беларускага часу.
Пра сустрэчу ў Менску дамовіліся ў ходзе візітаў канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель і прэзідэнта Францыі Франсуа Алянда ў Маскву і Кіеў пры канцы мінулага тыдня.
Самі еўрапейскія палітыкі называюць сустрэчу апошняй спробай спыніць паўнамаштабную вайну.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя