Павел Усаў: Найбольш важным з’яўляецца стратэгічная вайсковая падтрымка
Госць Рацыі – палітычны аналітык Павел Усаў. Ён дае сваю ацэнку дзейнасці міжнароднай супольнасці адносна Украіны і закранае пытанне выбараў у Францыі.
РР: Я хацеў бы, каб вы прааналізавалі міжнародную сітуацыю вакол Украіны, паколькі ў пятніцу ды і ўчора таксама вельмі насычаны быў дзень, ва Украіну прыязджалі высокія еўрапейскія чыноўнікі. Былі кіраўнік Еўрапейскай камісіі, кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі, а таксама прэм’ер-міністр Славеніі – гэта была адна дэлегацыя. Потым з’явілася нечаканая інфармацыя ў другой палове дня, што сам прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан прыехаў у Кіеў. Што гэта значыць? Гэта больш такі дыпламатычны сімвалізм ці можа нейкая перамога?
Павел Усаў: Што тычыцца еўрапейскіх чыноўнікаў, то гэта хутчэй такі сімвалічны візіт, які павінен дэманстраваць, што Еўрапейскі звяз, безумоўна, будзе стаяць на баку Украіны. Чаму сімвалічны? Таму што з пункту гледжання такіх важных стратэгічных пытанняў, вайсковых пытанняў, Брусэль абсалютна не мае ніякага ўплыву.
У пытаннях эканамічных санкцыяў, у пытаннях пашырэння эканамічнага, энергетычнага ціску, безумоўна, Брусэль, Еўрапейскі звяз – гэта цяпер ключавая вага, ключавая сіла. І мы бачым пэўныя эфекты – гэта прыпыненне транзіту, перамяшчэння па тэрыторыям Еўрапейскага звязу фур з Беларусі і Расеі. Гэта даволі моцны ўдар па гандлёвых адносінах і па камунікацыях з Расейскай Федэрацыяй і Беларуссю. Вельмі важны крок. Канешне, ёсць сігналы, што Еўрапейскі звяз паступова абмяжоўвае сваю залежнасць ад расейскіх энергарэсурсаў, але гэта далёкая перспектыва.
Найбольш важным, вядома, з’яўляецца стратэгічная вайсковая падтрымка Еўропы. І вось у гэтым ключы вельмі важны, і не толькі сімвалічны, а фактычна пераломны крок – гэта візіт Борыса Джонсана ў Кіеў. Вядома, што Вялікабрытанія – гэта па сутнасці ключавы і топавы гулец, можна нават сказаць, што гэта краіна, якая ачольвае “крыжовы паход” у пазітыўным кантэксце супраць агрэсіі Расеі, супраць фактычна Расеі як такой, бо Джонсан неаднаразова заяўляў, што яго місія – скончыць з Расеяй, як з краінай, якая пагражае бяспецы Еўропы і па сутнасці ўсяму свету. Гэта азначае, што, канешне, Вялікабрытанія будзе нарошчваць пастаўкі ўзбраенняў, у тым ліку, магчыма, гэта будуць не толькі ўзбраенні лакальнага ўзроўню, але, магчыма, і ўзбраенне, якое дазволіць Украіне праводзіць атакі на расейскія пазіцыі. Думаю, што гэта сістэмы ракетнай, супрацьпаветранай абароны. Гэта вельмі важна.
А таксама візіт іншых еўрапейскіх лідараў і кіраўнікоў у гэтым кантэксце – паказчык таго, што абсалютна салідарная пазіцыя Еўропы, акрамя адной краіны на сёння – гэта Венгрыя. Гэта такі адломак еўрапейцаў у палітыцы ў дачыненні да Расеі. Гэта па сутнасці агент Пуціна. На жаль, калі мы кажам пра Орбана і відавочна, што нішто ўжо не зменіць пазіцыю Віктара Орбана па Украіне і па Расеі. Думаю, што паступова Венгрыя ператвараецца ў такога ўнутранага ізгоя Еўропы, якога Расея можа выкарыстаць.
Непрыемнай нечаканасцю могуць быць і выбары ў Францыі. На сёння там два ключавых гульца – гэта Эмануіл Макрон, дзейсны прэзідэнт, і Марын Ле Пэн, якая вядомая сваімі прапуцінскімі пазіцыямі. Нягледзячы на тое, што яна нібы змяніла рыторыку падчас выбарчай кампаніі, тым не менш можна спадзявацца пэўных нечаканасцяў, калі яна стане пераможцай і стане прэзідэнтам Францыі.
РР: А вось чаму Ле Пэн так узляцела? Таму што змяніла рыторыку?
Павел Усаў: Не думаю таму, што змяніла рыторыку. Праблема ў тым, што Францыя спрабуе вырашыць комплекс праблемаў эканамічнага і сацыяльнага характару. Перш за ўсё гэта пытанні, звязаныя з мігрантамі, якія ўсцяж прыбываюць у Францыю, перш за ўсё з Блізкага Усходу. Гэта прапановы, папулісцкія канешне, радыкальным чынам змяніць сацыяльную палітыку. Такі, ведаеце, “правы сацыялізм”. Падобную праграму прапаноўваў у Польшчы PiS “Права і справядлівасць”. Гэта дазволіла гэтай партыі перамагчы ў парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах. Гэтая партыя з’яўляецца фаварытам на палітычнай сцэне. Падобныя пературбацыі, падобныя змены і схільнасці да правага папулізму паступова з’яўляюцца ў Еўропе.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя