Павел Усаў: Небяспека ўцягвання Беларусі ў вайну вельмі рэальная
Размова з аналітыкам і публіцыстам Паўлам Усавым пра небяспеку ўцягвання Беларусі ў вайну ва Украіне.
РР: Для пачатку размовы хацеў бы прапанаваць абмеркаваць новыя заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя каля Кургана Славы. Ён ужо нібыта дакладна вызначыў ролю свайго войска ў гэтай вайне, то бок, прыкрываць спіну рускаму чалавеку. Таксама ён сказаў, што Беларусь не хоча ўдзельнічаць непасрэдна ў вайне, але ў той жа час прагучала і пагроза, што калі Украіна нанясе ўдар, скажам, па аэрадромах у Лунінцы, ці ў Гомелі, то будзе адразу ж імгненны адказ. Як вы аценьваеце гэтыя заявы?
Павел Усаў: Гэтыя заявы — сведчанне таго, у якой сітуацыі апынуўся Лукашэнка. Па сутнасці ён не мае выбару і пастаўлены перад мурам менавіта ўладамі Расеі па двух пытаннях: па паглыбленні інтэграцыі, па сутнасці гэта стварэнне адзінай палітычнай прасторы; а другі момант — гэта звязана з тым жа працэсам інтэгравання, уключэнне беларускіх войскаў у сістэму бяспекі Расеі. І мы гэта ўжо назіралі, пачынаючы з 2022 года, хаця пакуль што не назіраем актыўнага ўдзелу беларускіх войскаў у вайне супраць Украіны. Тым не менш, відавочна, што такая магчымасць існуе, і заявы Лукашэнкі – гэта сведчанне таго, што ў любы момант, калі будзе неабходнасць і патрабаванне з боку расейскага кіраўніцтва, то ў тым ці іншым фармаце беларускія вайскоўцы змогуць апынуцца на тэрыторыі Украіны.
Другі момант, канешне, мы можам казаць, пры якіх умовах можа адбыцца працэс уцягненне беларускіх вайскоўцаў непасрэдна ў вайну. На жаль, як мы бачым у гісторыі – і мінулай, і сучаснай – дзеля гэтага не патрэбныя нейкія прычыны, нейкія прэтэксты, бо, калі будзе прынятае рашэнне пра ўварванне ва Украіну, то гэты прэтэкст будзе прыдуманы, напрыклад, як заяўляў Лукашэнка, нібыта узброеныя сілы Украіны абстралялі тэрыторыю Беларусі, але ракеты былі паспяхова збіты. То бок, такая рыторыка ўжо сведчыць пра пэўны псіхалагічны і палітычны кантэкст. І калі мы падсумуем, напрыклад, тое, што ў апошнія дні адбылося ў Расеі, – і выбухі ў Белгарадзе, і ў Курсай вобласці, падчас якіх загінулі мірныя жыхары, змена рыторыкі пачынае быць скіраваная на тое, што вядзецца вайна супраць Расеі, і можна чакаць перафарматавання з пункту падыходу расейскага кіраўніцтва спецыяльнай аперацыі ў вайну, а гэта будзе азначаць выкарыстанне ў шырокім маштабе расейскага войска, і не толькі кантрактнікаў, але таксама вайскоўцаў тэрміновай службы. То бок, Расея кіне ў пекла ўсе свае рэсурсы. Зараз яна абмежаваная толькі кантрактнікамі і прымушае вайскоўцаў падпісваць кантракт, накіроўваючы на фронт. Але калі будзе абвешчана пра вайну, то гэта будзе азначаць, што ўдзел у вайсковых дзеяннях будуць прымаць па сутнасці ўсе ваеннаабавязаныя, і гэта будзе тычыцца і Беларусі. Нездарма Лукашэнка казаў пра тое, што ёсць і функцыянуе рэгіянальная групоўка войск, а па сутнасці адзінае войска, і ў кантэксце вайны, калі будзе абвешчаная вайна, згодна падпісаным дамовам, Беларусь будзе фактычна ўцягнутая ў гэтую вайну.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя