Павел Усаў: Ніякіх нечаканасцяў на выбарах не будзе
Ці можна верыць беларускім сацыялагічным даследаванням, асабліва у справах палітычных? Звяртаемся з гэтым пытаннем да беларускага палітычнага аналітыка Паўла Усава.
Сацыялагічныя даследаванні паведамляюць, што за Аляксандра Лукашэнку гатовыя прагаласаваць 46% выбаршчыкаў. Такія звесткі падае вераснёўскае нацыянальнае апытанне грамадскага абмеркавання і публікуе яго Незалежны інстытут сацыялагічна-эканамічных і палітычных даследаванняў, які зарэгістраваны ў Літве. Наколькі, на Ваш погляд, праўдзівая гэтая лічба?
Павел Усаў: Да сацыялагічных апытанняў у нашай краіне трэба ставіцца асцярожна. Безумоўна, абмежаванасць дзеяння сацыялагічных цэнтраў, сацыёлагаў стварае пэўны скепсіс да тых лічбаў, якія падае Незалежны інстытут сацыялагічна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Трэба адзначыць, што мабілізацыйны патэнцыял беларускія ўлады маюць, магчыма гэта нават болей за 40%, бо трэба разумець, што сённяшні кантэкст выбарчай кампаніі адбываецца не ва ўмовах пагаршэння эканамічнай сітуацыі, а на фоне вайны ва Украіне, і беларускія дзяржмедыя выкарыстоўваюць гэты фактар як, па-першае, запужванне беларускага насельніцтва, што, калі ў нас настануць змены, то будзе так, як ва Украіне. А па-другое, як фактар мабілізацыі, які паказвае, што Лукашэнка – гэта гарант менавіта той стабільнасці, таго, што ў нас няма вайны. А мы ведаем, што беларускае грамадства ў большасці сваёй пасіўнае. Яно з’яўляецца спажыўцом беларускіх медыя і “есць” усё, што дае беларуская прапаганда.
Трэба разумець, што сацыялагічныя апытанні заўсёды выкарыстоўваюцца як механізм уздзеяння на грамадства. І грамадства павінна прыняць гэтую лічбу. Гэта даволі складаны механізм уздзеяння грамадскай думкі на індывіда.
А задача Лукашэнкі не 50%. Яго, як звычайнага дыктатара, хвалюе тое, каб грамадства паказвала татальную любоў да яго.
РР: Значыць мары беларусаў пра другі тур марныя?
Павел Усаў: Выбары так ці інакш будуць сфальсіфікаваныя і Лукашэнку “намалююць” 80%. А што тычыцца другога тура, то гэта абсалютная ілюзія. Па-першае, няма сур’ёзнага кандыдата-суперніка. Таццяна Караткевіч наўрад ці зможа набраць дастатковую колькасць галасоў, бо агульнаапазіцыйны электарат складае каля 20-25%. Але мы ведаем, наколькі зараз падзелены электарат, значная частка не жадае браць удзел у выбарах, і за Караткевіч будуць галасаваць тыя, хто расчараваўся ў Лукашэнку.
Але дабіцца нейкіх пераломных рашэнняў магчыма толькі праз сталы ціск, праз вуліцу. Калі ёсць сур’ёзныя пратэстныя настроі – тады можна вымусіць уладу пайсці на другі тур ці правесці змены ў выбарчым заканадаўстве. На сённяшні дзень пра пратэст ніхто не гаворыць. Таму ніякіх нечаканасцяў на гэтых выбарах не адбудзецца.
Для Захаду галоўнае, каб у Беларусі нічога надзвычайнага не адбылося, каб не было новых палітвязняў. Каб выбары былі ціхія і незаўважныя. І гэта асноўная задача для Лукашэнкі. Таму мы бачым, не адбываецца ні арыштаў, ні рэпрэсій палітыкаў, якія праводзяць мітынгі ў Менску, бо пры іншых умовах яны ўжо сядзелі б на Акрэсціна. І гэта вельмі важна для Еўразвязу, бо Захад не жадае ніякага ўнутранага канфлікту ў Беларусі, і ніякай дэстабілізацыі ў краіне.
Захад, безумоўна, не прызнае гэтыя выбары легітымнымі, бо выбарчая працэдура ў Беларусі не адпавядае выбарчым падыходам Захада, бо Лукашэнка з’яўляецца нелегітымным прэзідэнтам, бо нелегітымна змяніў Канстытуцыю. Але выбары не будуць асуджаны і не стануць механізмам таго, што Беларусь апынецца ў ізаляцыі. Гэта будзе выхад з ізаляцыі і пачатак новага дыялогу і новых адносін з Захадам.
РР: Атрымліваецца, што ізноў спрацоўвае ўкраінскі фактар?
Павел Усаў: Безумоўна, вайна ва Украіне і імперскі падыход Расеі ўплываюць на падыход да Беларусі. Захад цалкам адмовіўся ад каляровых рэвалюцый. Таму асноўны падыход – гэта дамаўляцца з дыктатарамі, ствараць умовы для нейкай эвалюцыі і чакаць.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belsat.eu