Павел Усаў: Польшча павінна цалкам перагледзець падыход да Беларусі
Апошнія падзеі ў беларуска-польскіх дачыненнях абмяркавалі ў нашым эфіры палітолаг Павел Усаў і журналіст Радыё Рацыя Улад Грынеўскі.
РР: Што атрымлваецца, Мясніковіч у Варшаве, і ў гэты самы час Аляксандр Лукашэнка прызначае новага амбасадара Беларусі ў Польшчы. Лукашэнка нагадвае, што палякі нам не чужы народ, але ў той самы час прыгразіў Польшчы сумеснай расейска-беларускай вайсковай базай. Спадар Павел, ці нейкім чынам варта звязваць, што Мясніковіч едзе ў Варшаву, а Аляксандр Лукашэнка ў Менску мяняе амбасадара?
Павел Усаў: У эканамічным аспекце шмат казалася ў Польшчы пра ўсталяванне гандлёвых абмежаванняў з боку Беларусі. Паўставанне гэтых абмежаванняў палягае не ў тым, што беларускія ўлады вырашылі ўвесці нейкія забароны на ўвоз тавараў з Польшчы. Гэта ўсё працяг так званай інтэграцыйнай палітыкі так званага Еўразійскага звязу. То бок Беларусь такім чынам выконвае тыя абавязкі, якія яна павінна выканваць у межах дамоўленасці па ўтварэнню Еўразійскага эканамічнага саюзу. Такім чынам мы бачым паглыбленне як раз такі эканамічнай інтэграцыі ў межах Еўразійскага звязу, а не разварот на Захад і паляпшэнне адносінаў з Польшчай. Гэта першы момант. Ну і стратэгічныя аспекты. Гэта не першыя такія заявы з боку Лукашэнкі, а таксама былі такія заявы і з боку міністра абароны Расеі, былі заявы з боку іншых расейскіх палітыкаў, у тым ліку і расейскага амбасадара Бабіча, які казаў, што калі на тэрыторыі Польшчы з’явіцца вайсковая амерыканская база, то будзе адэкватны адказ з боку Расеі. То бок Беларусь тут нават не гулец у гэтых спрэчках паміж Захадам і Расеяй, а хутчэй такая ахвяра. І я думаю, што заявы Лукашэнкі – гэта заявы, па-першае, у кантэксце той напружанасці паміж Захадам і Расеяй. Варта таксама прыгадаць разрыў дамоўленасці па ракетах сярэдняй і малой далёкасці, які адбыўся на мінулым тыдні. А другі момант, гэта заявы перад візітам Лукашэнкі ў Маскву. Ён такім чынам, гуляючы на нейкіх дыпламатычных супярэчнасцях, жадае яшчэ раз падвесці падмурак пад магчымыя размовы з Пуціным.
РР: Але атрымліваецца, што Мясніковіч зараз у Варшаве, і да Варшавы даляціць гэтае выказванне. І, відаць, будзе няёмка Мясніковічу размаўляць са сваімі полькімі калегамі.
Павел Усаў: Тут, я бы сказаў, што гэта праблема ўжо польскага боку. Яны ведалі, з кім яны маюць дачыненне, што Беларусь гэта не трывалы партнёр, і не варта ўвогуле было разглядаць Беларусь як роўнага партнёра ці краіну, якая імкнецца пабудаваць абсалютна добрыя і лагодныя адносіны з Захадам і ў прыватнасці з Польшчай. І Лукашэнка неаднойчы выказваўся даволі крытычна ў дачыненні да Польшчы. Таму тут хутчэй вельмі вялікая памылка і сур’ёзны промах польскай дыпламатыі.
РР: Такім чынам атрымліваецца, што гэтая размова пра нейкі пачатак новага погляду на польска-беларускія дачыненні – толькі дыпламатычныя словы?
Павел Усаў: Мы ж бачылі, што няма гэтага паляпшэння за апошнія чатыры гады як Польшча расчыніла свае абдымкі для беларускіх палітыкаў. І адначасова прадстаўнікі вышэйшых колаў палітычнай эліты Польшчы езділі на Захад і казалі пра тое, што мы такім чынам прыцягваем Беларусь на Захад, што мы вядзем дыялог з беларускім рэжымам і што Лукашэнка гэта душэўны чалавек. У рэчаіснасці мы бачым, што за гэтыя гады Беларусь яшчэ больш наблізілася да Расеі. Усе намаганні польскага боку ўцягуць беларускі рэжым у нейкі дыялог, эканамічны ці палітычны, яны проста праваліліся. І таму зараз варта ўвогуле перагледзець цалкам падыход да Беларусі. І ў той самы час стварць умовы дзеля таго, каб беларускія грамадзяне атрымалі нейкую палёгку для візітаў у Польшчу.
Цалкам гутарка:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя