Павел Усаў: Пры цяперашняй вайне і ўплыве Расеі Беларусь набліжаецца да статусу ЛНР і ДНР
Вайна ва Украіне змяніла карціну свету і ставіць пытанне, якое месца займае Беларусь у гэтым парадку дня. Становішча беларускай дзяржавы абмеркавалі ўдзельнікі экспертнай анлайн-дыскусіі «Беларускі парадак дня ў кантэксце вайны ва Украіне».
Кажа аналітык, доктар палітычных навук Павел Усаў:
-У Беларусі няма шанцаў выйсці з зоны палітычнай акупацыі альбо зоны ўцягвання ў гэты канфлікт. Расея будзе рабіць усё магчымае, каб праз Беларусь нейкім чынам стабілізаваць хаця б палітычную і ідэалагічную прастору ўнутры самой Расеі. А калі змены ў Расеі адбудуцца цягам года, цягам гэтага года – пагодзяцца са мною эканамісты ці не – але будзе відавочным вычарпанне рэсурсаў сацыяльных, эканамічных у Беларусі. Па сутнасці краіну прыйдзецца аднаўляць пасля поўнай трансфармацыі прасторы Расеі і Беларусі, Саюзнай дзяржавы, практычна з «нуля».
Становішча Беларусі падчас вайны і мажлівы негатыўны сцэнар у выніку акрэсліў палітолаг Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:
-Наша тэрыторыя ў выніку таго, што гэтага не было раней, выкарыстоўваецца так, як людзі Беларусі гэтага не хочуць. У гэтых абставінах трэба раздзяляць рэжым, дзяржаву, якая з’яўляецца прамой удзельніцай агрэсіі, і народ Беларусі, які з’яўляецца закладнікам гэтай сітуацыі. Гэта дзяржава-агрэсар і краіна-сатэліт.
У якасці вырашэння пагрозы канчатковай страты незалежнасці Беларусі, эксперты прапанавалі актывізаваць альтэрнатыўны ўрад апазіцыі на міжнароднай арэне, а таксама ўсебакова садзейнічаць прызнанню рэжыма Лукашэнкі і ваенных службоўцаў – ваеннымі злачынцамі.
Беларускае Радыё Рацыя