Павел Усаў: Прыход новай улады радыкальна зменіць адносіны з ЕЗ і Захадам
Парламенцкая выбарчая кампанія ў Польшчы – у самым разгары. Сёлета кіроўная партыя “Права і Справядлівасць” ужо не мае такіх пэўных пазіцый, як у мінулыя гады, а таму краіну можа чакаць змена ўлады. Які гэта можа мець уплыў на беларусаў, што жывуць у Польшчы, і на палітыку ў дачыненні да афіцыйнага Менска? Пра гэта з беларускім палітолагам і аналітыкам Паўлам Усавым размаўляе Яна Запольская.
РР: Прапаную пачаць з двух асноўных палітычных сілаў, якія змагаюцца за ўладу. Гэта “Права і Справядлівасць” і “Грамадзянская кааліцыя”, якія абедзве лідыруюць ва ўсіх, напэўна, апытаннях на сённяшні дзень. Цяпер пры ўладзе, як вядома, “Права і Справядлівасць”. Ці зменіцца штосьці для нас, беларусаў, найперш беларускай дыяспары, эмігрантаў і стаўленне да Беларусі, калі ўлада зменіцца?
Павел Усаў: Я ўпэўнены, што ніякіх радыкальных зменаў у знешняй палітыцы агульна і ў палітыцы да Беларусі не адбудзецца. Я кажу агульна ў дачыненні той сітуацыі, якая склалася вакол Украіны і адносна Расеі. Можа, і безумоўна зменяцца стаўленне і адносіны з Еўрапейскім звязам, бо якраз за час “ПіС” мы назіралі пагаршэнне гэтых адносінаў, даволі моцнае напружанне ў стасунках. Дык вось, прыход новай улады, безумоўна, радыкальна зменіць адносіны з ЕЗ і Захадам. Але, што тычыцца Беларусі, то тут парадыгма застанецца і падыход зменаў, не важна, хто зараз прыйдзе да ўлады – усходняя палітыка будзе мець і будзе акрэслівацца якраз-такі падзеямі, звязанымі з вайной ва Украіне і разуменнем таго, што адбываецца ў Беларусі. Так што я ўпэўнены ў тым, што новая ўлада будзе падтрымліваць беларускую дыяспару ўнутры Польшчы, магчыма нават зменіцца ў пэўным сэнсе гістарычная палітыка, бо ўсё ж такі за часы “ПіС” змяніўся падыход да дзеянняў у свой час так званых “выклятых жаўнераў”, дзеянняў Бурага ды іншых прадстаўнікоў польскай вайсковай апазіцыі, якія прычыніліся, на жаль, да негатыўных дзеянняў у дачыненні да беларусаў напрыканцы Другой сусветнай вайны. Але да іх змянілася ідэалагічнае стаўленне ў самой Польскай дзяржаве. Таму вось могуць быць змененыя акцэнты ў гістарычнай палітыцы, таксама ў падтрымцы беларускіх школаў, арганізацыяў можа палепшыцца, бо апошнім часам таксама мы назіралі нейкія абмежаванні з боку Міністэрства адукацыі ў дачыненні да беларускіх школаў на ўсходзе Польшчы. Таму я чакаю, што сітуацыя палепшыцца па некаторых накірункаў.
Калі казаць пра агульнае стаўленне, пра агульны падыход, то, канешне, што ён будзе асноўным, такім, якім ён ёсць зараз. Таксама не зменіцца і палітыка ў дачыненні да рэжыму і яго ізаляцыі.
РР: Ці ёсць шанец, што нейкім чынам на палітыку Польшчы можа ўплываць такая палітычная фармацыя як канфедэрацыя. Напэўна, прыход да ўлады, які быў бы не вельмі спрыяльным для беларусаў?
Павел Усаў: Наколькі я ведаю, такія праварадыкальныя колы, канешне, зараз намагаюцца заключыць больш шырокую кааліцыю, і ўжо яна ёсць “Права і Справядлівасць”, і адзін з прадстаўнікоў канфедэрацыі Банкевіч будзе стартаваць у гэтых выбарах са спісу “Права і Справядлівасці”. Канешне, калі ў такой канфігурацыі “ПіС” адновіць уладу і падобныя постаці, як Банкевіч (арганізатар Маршу незалежнасці 11 лістапада – заўвага рэд.), зоймуць нейкія ўрадавыя ўстановы, то, канешне, гэта будзе катастрофа для Польскай дзяржавы. Прычым гэта абсалютныя папулісты, якія не маюць досведу, ведаў антыеўрапейскага, антызаходняга кшталту і дэкларуюць негатыўную палітыку ў дачыненні да меншасцяў, у тым ліку ўкраінцаў і беларусаў. Яны застрашваюць польскае грамадства, што менавіта мігранты з Украіны ці Беларусі забіраюць працу ў палякаў. Гэта абсалютна звычайныя формулы, вядомая маніпуляцыі грамадскай думкай, выкарыстанне крызісаў для таго, каб прыйсці да ўлады. Але, канешне, стан палітычнага жыцця з прыходам падобных людзей ці пасля таго, як такія людзі могуць заняць высокія пасты ў Польшчы, можа пагоршыцца.
Адзначым, што парламенцкія выбары ў Польшчы пройдуць 15 кастрычніка.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя