Павел Усаў: Пуцін прыляцеў у Менск з шэрагам ультыматумаў



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прыляцеў у Менск з шэрагам ультыматумаў у дачыненні да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, каментуе магчымы ход перамоў паміж лідарамі Саюзнаю дзяржавы палітолаг Павел Усаў. Але ў Беларусі не шмат рычагоў, каб супрацьстаяць ціску Крамля, адзначае эксперт:

– Беларусь знаходзіцца ў такім цяжкім эканамічным становішчы, што асабліва не мае ніякіх магчымасцяў супрацьстаяць ціску Масквы. Прынамсі ў рэальнасці на палітычным узроўні Лукашэнка можа казаць усё што заўгодна, але ў рэчаіснасці, безумоўна, залежнасць ад Масквы толькі павялічваецца.

На думку Паўла Усава, падчас перамоў будуць абмеркаваныя пытанні размяшчэння расейскай вайсковай базы, тут Пуціну патрэбныя новыя перамогі, дадае палітолаг:

– Пуцін выйграў гэтыя выбары, выкарыстоўваючы рыторыку пераможцы, што Расея аднаўляе свае ўплывы. Паехаць у Менск як пераможца, а вярнуцца як асоба, якая прайграла вайну саюзніку, Пуціну не выпадае. Я думаю, што гэты саміт будзе даволі востры. Калі ж не будуць Пуціным пастаўлены і рэалізаваныя пэўныя геастратэгічныя заданні, то гэта будзе азначаць, што Масква чакае перафарматаванні і не будзе зацікаўлена ў далейшай рэалізацыі праекта пад назвай саюзная дзяржава Беларусі і Расеі.

У парадку дня пасяджэння Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы каля 10 пытанняў: вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва за 2017 год, справаздача аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2016 год ды праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на бліжэйшыя два гады.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя