Павел Усаў: Пытанні правоў чалавека – палітычны фон



Калі б гэта пытанне было асноўным, Лукашэнка ў Аўстрыю не паехаў бы, кажа палітолаг.

„На перамовах падчас афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю будзе мець месца крытычны дыялог па праблемным пытанні правоў чалавека”, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы канцылярыі федэральнага прэзідэнта Аўстрыйскай Рэспублікі.

І гэта пытанне, толькі палітычны фон, заўважае палітычны аналітык Павел Усаў:

– Магчыма нейкія аспекты і ўзгадаюць, але калі б гэта была першасная тэма для размоваў, то Лукашэнка напэўна б не паехаў у Аўстрыю, каб паслухаць, што яму ў чарговы раз будуць казаць пра праблемы правоў чалавека. Не думаю, што пытанні правоў чалавека і дэмакратыі першасныя. Яны не будуць нават другаснымі, а будуць фонам. Яшчэ раз падкрэслю, што калі б гэта былі ключавыя пытанні, то Лукашэнка нават блізка не пагадзіўся б паехаць. 

Адзначаецца, што прэзідэнт Аляксандр Ван дэр Белен сустрэнецца з кіраўніком беларускай дзяржавы ў Вене 12 лістапада. Праграма візіту прадугледжвае гутарку прэзідэнтаў сам-насам, а таксама гутарку ў прысутнасці дэлегацый.

Адначасова з візітам Лукашэнкі ў Вене будзе праходзіць аўстрыйска-беларускі бізнэс-форум, дзе сабяруцца дзелавыя колы дзвюх краін, у тым ліку прадстаўнікоў буйнога бізнесу.

Беларускае Радыё Рацыя