Павел Усаў: Расея ідзе на радыкалізацыю



Кіраўнікі еўрапейскіх краін не спяшаюцца віншаваць Уладзіміра Пуціна з пераабраннем на пасаду прэзідэнта Расеі. І гэта нядобры дыпламатычны сігнал з Еўропы, кажа палітычны аналітык Павел Усаў.

Паводле папярэдніх вынікаў пасля падліку 99% галасоў, у першым туры перамог Уладзімір Пуцін (больш за 76% галасоў) ён пойдзе на свой чацвёрты прэзыдэнцкі тэрмін, наступныя выбары праз 6 гадоў. Цяпер Еўропе толькі застаецца назіраць за паводзінамі Пуціна, заўважае Павел Усаў:

– Хаця відавочна, што Расея ідзе на радыкалізацыю. Той факт, што заходнія кіраўнікі асабліва не спяшаюцца віншаваць Пуціна з перамогай, сведчыць пра тое, што Захад ужо інакш глядзіць на Расею, на самога Пуціна, і ўжо бачыць у Расеі безумоўна не суперніка, з якім можна дамаўляцца ці шукаць кампраміс. У ім бачаць ворага, ворага супольнай стабільнасці не толькі еўрапейскай, але і сусветнай.

Першыя віншаванні з пераабраннем Пуціна накіравалі лідары краін СНД, а таксама Балівіі, Венесуэлы, Ірана, Кітая, Кубы, Сербіі. Пуцін таксама атрымаў віншаванні ад прэзідэнтаў Нямеччыны і Францыі. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітры Пяскоў заявіў, што ў панядзелак і аўторак адбудзецца шэраг тэлефонных перамоваў Пуціна з сусветнымі лідарамі.

Беларускае Радыё Рацыя