Павел Усаў: Рэанімаваць Усходняе партнёрства не мае сэнсу
Павестку дня лістападаўскага саміту Усходняга партнёрства ў Бруселі вызначаюць у Варшаве. Тут праходзіць сустрэча міністраў замежных спраў Вышеградскай групы і краінаў Усходняга партнёрства. Таксама ў сустрэчы прымаюць удзел міністры замежных спраў Швецыі, Эстоніі, Румыніі і Харватыі. Перад пачаткам сустрэчы кіраўнік польскай дыпламатыі Вітальд Вашчыкоўскі назваў Усходняе партнёрства адзіным важным інструментам Еўрапейскай усходняй палітыкі.
Праект даўно памёр, і рэанімаваць яго немагчыма, – мяркуе беларускі палітычны эксперт Павел Усаў.
– Фактычна ніякім чынам ён не ўплывае на палітычныя і геапалітычныя працэсы ў рэгіёне, гэта першы момант. Другі момант, змянілася абсалютна радыкальным чынам геапалітычная сітуацыя ў тых краінах, якія ўваходзілі ў свой час у Усходняе партнёрства. Казаць пра аднаўленне дзейнасці Усходняга партнёрства зараз не прыходзіцца. Гэты праект проста павінен быць закрыты.
Усходняе партнёрства — праект, які аб’ядноўвае 6 краінаў Усходняй Еўропы і Закаўказзя, у тым ліку Беларусь, стартаваў у 2009 годзе, як адказ на расейска-грузінскую вайну. Меркавалася, што краіны-удзельніцы праекту ў перспектыве падпішуць дамовы аб Асацыяцыі з ЕЗ і дамовяцца пра бязвізавае перамяшчэнне па ЕЗ для краін УП. На сённяшні дзень Україна, Грузія і Малдова цалкам дасягнулі пастаўленых мэтаў. Беларусь, Азербайджан і Арменія да перамоваў аб дамове пра асацыяцыю і бязвізавы рэжым дагэтыль не прыстыпалі.
Фактычна ў Варшаве сабраліся кіраўнікі дыпламатыяў тых краінаў, якія Варшава хацела б бачыць у так званым Міжмор’і, але гэты праект так і застаецца утопіяй, – адзначае Павел Усаў.
– На гэта патрэбныя грошы і даволі вялікія ўплывы, а ні першага, ні другога ў краінах, якія намагаюцца тут нешта рэалізаваць, няма. І безумоўна тут ёсць яшчэ адзін фактар, што гэты праект у асноўным прапануецца і прасоўваецца Польшчай, а ідэалагічная складаючая гэтага праекту, менавіта польскае бачанне рэалізацыі гэтага праекту, не задавальняе даволі шмат гульцоў у рэгіёне – тую ж самую Літву, тую ж самую Україну, таму, я думаю, што гэта проста забаўка, у якую намагаецца гуляць Польшча.
Канцэпцыя Міжмор’я — як альтэрнатывы для ўплываў Берліна і Масквы у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе – перыядычна ўзнікае на павестцы дня польскіх палітыкаў. Аднак нават сябры Вышеградскай групы, якая дзейнічае ўжо больш за 2 дзесяцігоддзі, розняцца па многіх знешнепалітычных пытаннях, – адзначае Усаў.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя