Павел Усаў: Сэнсу ў правядзенні чарговых перамоваў па ўкраінскім канфлікце няма



Чарговая сустрэча па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне папярэдне прызначана на заўтра. Дату 9-га снежня называе прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, аднак баевікі самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі настойваюць на правядзенні трохбаковай сустрэчы ў Менску не раней за 12-га снежня. На думку палітолага Паўла Усава, практычнага сэнсу ў правядзенні чарговых перамоваў па ўкраінскім канфлікце няма:

– Гэта не першая і напэўна не апошняя сустрэча адносна правядзення перамір’я ці спынення агню, але да сённяшняя моманту трэба таксама разумець, што ніхто не дэнансаваў менскіх пагадненняў і фармальна яны дзейнічаюць, як і фармальна дзейнічае перамір’е, аднак, як мы бачым, баявыя дзеянні працягваюцца, гінуць вайскоўцы, гінуць мірныя жыхары.

Прычынай настойвання Парашэнкі на сустрэчы кантактнай групы і дамоваў з сепаратыстамі, палітолаг называе, сярод іншага, імітацыю дзеянняў па прымірэнні:

– Працягванне гэтага канфлікту змяншае папулярнасць Парашэнкі і павялічвае магчымасць новага палітычнага крызісу ва Украіне, і таму неабходна рабіць нейкія крокі, хаця яны таксама не папулярныя – імітацыя дзейнасці, перамоваў з сепаратыстамі, каб паказаць гатовасць вырашыць гэты канфлікт.

Афіцыйны Менск адзначае, што гатовы прыняць перамоўнікаў у любы момант, і заяўляе, што ў тэхнічным плане беларускі бок поўнасцю падрыхтаваны да правядзення такой сустрэчы.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя