Павел Усаў: СНД можа ў хуткім часе знікнуць



Законапраект пра выхад Украіны з СНД зарэгістраваны ў Вярхоўнай Радзе. Як вядома, прэзідэнт Пётр Парашэнка не прыехаў і на саміт краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, які нядаўна прайшоў у Менску.

Гэтае жаданне Украіны прыпыніць дзеянне Пагаднення пра стварэнне СНД, палітолаг Павел Усаў лічыць важным і сімвалічным фактам:

– Для украінскага грамадства і для дзяржаваў існаванне ў структуры СНД страціла сэнс, хаця Україна – адна з краінаў заснавальніц СНД. Уся постсавецкая прастора зараз радыкальным чынам зменіцца.

Пры гэтым Павел Усаў мяркуе, што СНД можа ў хуткім часе знікнуць увогуле як фармальны праект утрымання постсавецкіх краінаў пад уплывам Расеі, бо замест яго Уладзімір Пуцін падрыхтаваў іншы праект – Еўраазійскі звяз:

– СНД было выгадна такім краінам, як Таджыкістан, Узбекістан, Кыргызстан. Яны хацелі мець доступ да нейкіх эканамічных карысцяў, а з іншага боку не жадалі ніякага палітычнага збліжэння. Але зараз гэта не цікавіць Расею. Расея накіраваная на стварэнне палітычнага праекту. І нават не паступова, а ў бліжэйшыя часы   адбудзецца трансфармацыя дадзенага праекту.

“З новага году ўступае ў дзеянне пагадненне пра стварэнне Еўраазійскага эканамічнага звязу з удзелам Беларусі, Расеі і Казахстану. Таксама да праекту далучаецца Арменія, і такі ж самы намер мае Кыргызстан”, – прыгадвае палітолаг.

Яна Запольская. Беларуская Радыё Рацыя