Павел Усаў: Трэба разумець, што на баку Украіны праўда і дабро



Размова з палітычным аглядальнікам Паўлам Усавым.

Павел Усаў: Я памыліўся ў ацэнцы ступені неадэкватнасці крамлёўскага кіраўніцтва. Хаця, канешне, не выключаў магчымасці далейшага прасоўвання Расеі ў межах ЛНР і ДНР. Але ўсё ж такі ацэньваў, што поўнамаштабнай вайны з абстрэлам тэрыторыі Украіны і з уварваннем на тэрыторыю Украіны з чатырох бакоў, у тым ліку з Беларусі, не адбудзецца. І тут нашая рацыянальнасць зноў нас абмежавала ў разуменні тых абсалютна абсурдных, ідыёцкіх матываў, якія штурхаюць маскоўскае кіраўніцтва на разбурэнне сусветнага ладу, на разбурэнне іншых краінаў. Прычым яны не лічацца ні з ахвярамі з боку ўкраінцаў, і таксама не лічацца з ахвярамі са свайго боку. Думаю, што на сённяшні момант вайна не спыніцца, пакуль не будзе захоплены Кіеў. Так ці інакш дзеянні Масквы прадугледжваюць менавіта поўную і абсалютную капітуляцыю Украіны, дэмілітарызацыю яе і фармальна ўсталяванне вонкавага кантролю за палітычнымі працэсамі ва Украіне. Альбо другі магчымы сцэнар: падзел Украіны на Усходнюю і Заходнюю, яе абсалютная дэканструкцыя, на стварэнне марыянеткавай дзяржавы. Варыянтаў будзе даволі шмат. Але галоўнае, што вайна ўжо не спыніцца нават у дачыненні да іншых краінаў постсавецкай дзяржавы. Як далёка па-за савецкай дзяржавы можа пасунуцца Пуцін на сённяшні момант ніхто не можа сказаць. Горш за ўсё, што Захад зноў рэагуе выключна сваімі абмежаванымі пацыфісцкімі лозунгамі ці нейкімі санкцыямі, хаця неабходна было ўжо зараз, нават раней аказаць поўнамаштабную вайсковую дапамогу, у тым ліку з увядзеннем вайсковага кантынгенту на тэрыторыю Украіны. На жаль, на дадзены момант Украіна застаецца сам-насам з агрэсіяй.

РР: Я так разумею, што раней існавалі спадзяванні, што не адважыцца на тое ўварванне Уладзімір Пуцін.

Павел Усаў: Справа ў тым, што ўсе ацэньвалі, што вайна будзе мець абсалютна дэструктыўны эфект для расейскай гаспадаркі. Што працяглая вайна прывядзе да велізарных ахвяраў з боку жывой сілы. Што паплывуць труны ў Расею і гэта яшчэ больш створыць негатыўную атмасферу ў самой Расеі. Але вельмі важна таксама зазначыць, што для Расеі патрэбная хуткая вайна, бліц-крыг. Калі ўкраінцы змогуць стрымаць гэты першы ціск, а мы бачым, што ён з усіх бакоў, гэта сведчыць пра тое, што мэтай Расеі арганізаваць бліц-крыг і на працягу аднаго-двух тыдняў захапіць максімальна вялікую тэрыторыю Украіны, калі не ўсю Украіну, то прынамсі значную яе частку, і прымусіць Украіну да капітуляцыі. Калі ўкраінцы змогуць адстаяць свае пазіцыі на працягу тыдня, ці двух тыдняў, то, канешне, націск Расеі можа захлынуцца. Трэба разумець, што на баку Украіны праўда і дабро, бо яны адстойваюць універсальныя каштоўнасці, і гэта павінна замацаваць іх дух і прагу да барацьбы. І, канешне, тут важная рэакцыя заходняга свету. Менавіта вайсковая рэакцыя.

Цалкам размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя