Павел Усаў: Улады імкнуцца ўтрымліваць кантроль да канца



У Польшчы адзначаюць сумную дату. 38 гадоў таму Войцех Ярузельскі абвясціў пра ўвядзенне ў Польшчы ваеннага становішча. Такі статус пратрымаўся ў краіне больш за паўтара года. Вынік: каля 40 загінулых і больш за 10 тысяч інтэрнаваных за сувязь з прафсаюзам „Салідарнасць”.

Чаму камуністычныя ўлады баяліся пратэстаў і спіхвалі адказнасць на Маскву? Ці магчыма паўтарэнне гэтага ў Беларусі? Ці можа ўлада ў Беларусі пайсці на саступкі ў дэмакратызацыі, як гэта зрабіў Ярузельскі ў 1989-м – праз 6 гадоў пасля заканчэння ваеннага становішча?

„Госць Рацыі” палітолаг Павел Усаў адказвае на гэтыя пытанні, а таксама тлумачыць, якое значэнне мелі падзеі 13 снежня 1981 года:

– Гэта мела радыкальны ўплыў не толькі на польскую палітыку, але і на тую палітычную сітуацыю, якая была ў камуністычным блоку – гэта першы момант. Другі момант, тое што адбылося ў 1981 годзе, было вынікам папярэдніх даволі масавых пратэстаў польскага грамадства супраць эканамічнай палітыкі, супраць ідэалогіі, якую праводзіла Польская аб’яднаная рабочая партыя ў дачыненні да польскага грамадства. Варта прыгадаць пратэсты: у Гданьску, Гдыні і Шчэціне ў 1970 годзе, пратэсты студэнтаў Польшчы ў Варшаве перадусім у 1968 годзе, пратэсты ў 1950-х гадах. Пратэстны патэнцыял у польскім грамадстве быў даволі вялікі, у тым ліку вялікая незадаволенасць тым, што рабіла камуністычная ўлада. „Салідарнасць” па сутнасці змабілізавала вось гэты пратэстны патэнцыял у такую больш-менш зразумелую палітычную платформу і палітычны накірунак. Былі так званыя жнівеньскія дамоўленасці, калі ўлады вымушаны былі пад ціскам грамадства, пад ціскам працоўных пайсці на саступкі і зарэгістраваць працоўны прафсаюз. Пасля чаго колькасць у некалькі разоў павялічвалася, можна сказаць, што дасягнула аж васьмі мільёнаў. Менавіта гэта сталася адной з галоўных пагрозаў, адной з галоўных матывацый увядзення вайсковага становішча. Хаця кіраўніцтва Польшчы таксама казала пра тое, што калі б яны не ўвялі гэтае вайсковае становішча, то тады б ва ўнутраны працэс умяшаліся савецкія ўлады, улады Савецкага Саюза. Фактычна было б тое, што адбылося ў Чэхаславакіі. Тым не менш сам факт увядзення вайсковага становішча сведчыць пра тое, што ўлады да канца імкнуцца ўтрымліваць кантроль у сваіх руках, нават пры дапамозе войска.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

З Паўлам Усавым размаўляў наш варшаўскі журналіст Вітаўт Сіўчык.

Беларускае Радыё Рацыя