Візіт еўрадэпутатаў пацвярджае «статус-кво»
Візіт дэлегацыі Еўрапарламента ў Беларусь толькі пацвярджае той «статус-кво», які ўсталяваўся паміж Беларуссю і Еўразвязам. Візіт каментуе палітычны аналітык Павел Усаў.
Дэлегацыя Еўрапарламента сустракалася з афіцыйнымі ўладамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і беларускай апазіцыі. У чарговы раз дэпутаты дэкларавалі сваю падтрымку апазіцыі і больш нічога. А прычыны такіх палітычных дэкларацый, за якімі ніякай канкрэтыкі, – вызначае палітычны аналітык Павел Усаў:
– Еўропа зацікаўленая ў захаванні стабільнасці ў Беларусі, не чакае нейкіх радыкальных дзеянняў ад беларускай апазіцыі, разумее, у якім стане зараз знаходзіцца беларуская грамадзянская супольнасць. Вось гэты фармальны візіт – гэта такое выказванне «статус-кво» ў адносінах з аўтарытарнымі ўладамі – мы вас не прызнаем, але ж трэба прасоўваць дыялог, тое ж самае і з апазіцыяй – мы вас падтрымліваем, але больш нічога не можам зрабіць, бо, вы ж разумееце, стабільнасць зараз – гэта аснова нашай палітыкі.
Візіт дэлегацыі Еўрапейскага парламенту адбываецца з 24 да 28 лютага. Дэпутаты мелі сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх міністэрстваў, грамадскай супольнасці, апазіцыйных партыяў. Еўрадэпутаты абмяркоўвалі пытанні зменаў беларускай Канстытуцыі, хатняга гвалту, правоў чалавека, права на мірныя сходы. Важным пунктам сустрэчаў была Астравецкая АЭС.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя