Павел Усаў: Візіт палітыкаў нічога б не змяніў



Высокія еўрапейскія чыноўнікі не прыедуць у Беларусь, але драматызаваць не варта, кажа палітолаг Павел Усаў.

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні адмяніла свой візіт у Менск „з-за шэрагу змяненняў у парадку дня”. Услед за Магерыні ў Беларусь не прыедуць міністры замежных справаў Літвы і Латвіі, раней паведамлялася, што ў Менск не прыедзе міністр замежных справаў Польшчы.

Уцямна ніхто не тлумачыць прычыны адмену візітаў, заўважае палітолаг Павел Усаў, застаецца толькі здагадвацца:

– Магчыма гэта нейкім чынам магло быць звязана самітам Еўразійскага звяза ў якім удзельнічала Беларусь. Можна спекуляваць на гэтыя тэмы, але візіт Магерыні і прадстаўнікоў Усходне-Цэнтральнай Еўропы – дыпламатаў і палітыкаў нічога б не змяніў у той сітуацыі, у якой зараз знаходзіцца Беларусь. Я не стаў бы драматызаваць гэтую падзею і казаць пра тое, што гэта нейкая катастрофа для Беларусі.

Чакалася, што ў мерапрыемствах па тэматыцы Усходняга партнёрства возьмуць удзел Вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні, а таксама кіраўнікі МЗС краін-суседзяў і ўдзельнікаў краін Усходняга партнёрства.

Прадстаўніцтва ЕЗ афіцыйна прычыну адмены візіту тлумачыць, „шэрагам змяненняў у парадку дня розных удзельнікаў і па выніках абмеркаванняў з Беларуссю як прымаючым бокам, гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва ЕЗ.

Беларускае Радыё Рацыя