Павел Вінаградаў: Ад міліцыі можна чакаць чаго заўгодна



Былы палітвязень Павел Вінаградаў разважае пра тое, якім чынам можа дзейнічаць міліцыя падчас выбараў.

Адказваючы на пытанне пра ход падрыхтоўкі да выбараў, міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч запэўніў, што міліцыя цалкам гатовая да любога развіцця падзей.

«Магу гарантаваць — мы гатовыя да адэкватнага адказу на любы выклік, любую пагрозу. Мы гатовыя мінімізаваць любыя шкодныя наступствы. Скажу нават больш: мы гатовыя на сённяшні дзень спрацаваць крыху раней, калі будзе ў гэтым неабходнасць, каб не давесці сітуацыю да крытычнай», – падкрэсліў міністр.

Павел Вінаградаў: У нашай краіне падзеі могуць развівацца самым нечаканым чынам, ад міліцыі можна чакаць чаго заўгодна. Таму, калі гучаць заявы, што МУС гатова адэкватна адказаць на ўсе выклікі, то гэта, натуральна, маецца на ўвазе не супрацьдзеянне фальсіфікацыям і не абарона канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Гучыць гэта хутчэй так: калі вы, хлопцы, рыпнецеся супраць улады, то вольных месцаў за кратамі хапае.

РР: Ці магчыма з’яўленне пасля выбараў новых палітвязняў?

Павел Вінаградаў: Ёсць такі выраз: ад сумы і турмы не заракайся. Як я ўжо казаў, у нашых рэаліях нічога выключаць нельга.

РР: Як і магчымыя прэвентыўныя затрыманні?

Павел Вінаградаў: Безумоўна. Хоць мне здаецца, што ў сітуацыі, калі пра нейкія вулічныя акцыі казаць не даводзіцца, а ёсць верагоднасць прызнання выбараў Захадам, улада можа не пайсці на жорсткія рэпрэсіі.

РР: Як вам бачыцца гэтая прэзідэнцкая кампанія са сваёй званіцы?

Павел Вінаградаў: Усё дастаткова сумна. Я для сябе прыняў рашэнне нікога на выбарах не падтрымліваць. Буду есці папкорн і назіраць за тым, што адбываецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя