Павел Вінаградаў: Усе дні правёў у так званым “люксе”
Выйшаў на свабоду лідар моладзевага крыла кампаніі „Гавары праўду” „Змена” Павел Вінаградаў. Яго асудзілі на 15 сутак напярэдадні Дня Менска. За дзве гадзіны да часу выхаду з Акрэсціна, яго завезлі ў міліцэйскі пастарунак Маскоўскага раёна сталіцы.
“Трымалі, пакуль не прыйшла каманда, што ад турмы на Акрэсціна ўсе, хто прыйшоў сустракаць, разышліся і можна адпускаць”, – паведаміў Павел Вінаградаў, які дадаў, што выпусцілі таксама і яго паплечніка Ягора Віняцкага, з якім ён і быў затрыманы 11-га верасня:
– Не тое, каб разганялі, казалі “Сыходзьце”, але яны заўсёды кажуць, нічога незвычайнага не адбывался. У першы дзень сядзеў у страшнаватай камеры, ну а пасля ўсе дні правёў у так званым “люксе” – камера са свежым рамонтам. Сядзеў за тое, што быў дзень горада, пасядзеў і выйшаў.
РР: Пра Ягора Віняцкага штосьці вядома?
– Учора выйшаў, усё выдатна ў яго, кажа: ”Сядзеў весела, ездзіў па розных камерах, сядзеў з рознымі замежнікамі”. Яму ў цэлым спадабалася, калі можна так сказаць.
На ўмовы ўтрымання на Акрэсціна актывіст не скардзіўся. Упершыню за некалькі адсідак Павел Вінаградаў ў ізалятары нармальна харчаваўся.
„Бо займаўся фізкультурай, а на галодны страўнік фізічныя практыкаванні рабіць не вельмі прыемна”, – пажартаваў актывіст.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя