Павел Знавец: Беларуская апазіцыя – галодныя ваўкі з воўчымі білетамі
Лідары апазіцыі загаварылі ўжо пра тое, што працэс абрання адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары-2015 зайшлі ў тупік. Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Павел ЗНАВЕЦ лічыць, што і сама апазіцыя “патрапіла ў тупіковае становішча”.
Павел Знавец: Пачынаючы з 2001 году, калі зніклі вядомыя апазіцыйныя палітыкі, у краіне пануе страх, які грамадству так і не ўдалося пераадолець. Таму, калі ёсць нейкі давер да апазіцыі, то многія яго нават не выказваюць. У такіх умовах прадстаўнікам дэмакратычнай грамадскасці нічога не застаецца іншага, як выконваць роль масоўкі. І рэжым такую апазіцыю на руках будзе насіць, бо яна ж насамрэч легітымізуе ўладу. Маўляў, у краіне ж існуе апазіцыя. Мне падаецца, такое становішча зараз і Захад задавальняе.
РР: Што ў гэтай сітуацыі рабіць на выбарах, як вы выказаліся, “масоўцы”?
Павел Знавец: Абапірацца на тых, хто іх падтрымлівае і сфармуляваць канкрэтны мэсідж – каб, напрыклад, ва ўсіх выбарчых камісіях палова месцаў адводзілася прадстаўнікам апазіцыі. Згодзяцца – удзельнічаем у выбарах. Не – наогул не прымаць удзел у гэтым фарсе. Бо такой прафанацыі не было нават падчас выбараў пры СССР.
РР: Але хто ці што перашкаджае апазіцыі абраць адзінага кандыдата?
Павел Знавец: Яны спадзяюцца, што будзе як заўжды. Нейкія фонды дадуць грошы, а сам працэс для іх – не галоўнае. Прыдумалі “Народны рэферэндум”, ад якога карысці – поўны нуль, яшчэ нешта прыдумаюць…. Ды і нейкія асабістыя амбіцыі пакуль не даюць вызначыцца з “адзіным”. Але крытыкаваць асабліва апазіцыю не хачу. Яна зусім слабая, і ў яе няма іншага выйсця. Гэта галодныя ваўкі з воўчымі білетамі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота old.ucpb.org