Павераны ў справах ЗША ў Беларусі сустрэўся з прадстаўнікамі царквы „Новае жыццё”



Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэфры Джук 4 сакавіка сустрэўся з прадстаўнікамі абшчыны хрысціян поўнага Евангелля „Царква „Новае жыццё”, якую менскія ўлады выселілі з дома малітвы на вуліцы Кавалёва.

„Павераны выказаў занепакоенасць Злучаных Штатаў з нагоды высялення і патрабаванняў уладаў аб выплаце царквой падатковых завінавачанасцяў, ад якіх рэлігійныя групы вызваленыя”, — гаворыцца ў паведамленні на старонцы амерыканскага пасольства ў „Фэйсбуку”.

ЗША „пацвярджаюць падтрымку свабоды веравызнання любой рэлігійнай групы, уключаючы абшчыны Поўнага Евангелля і Царкву „Новае жыццё”, і заклікаюць улады аднавіць магчымасці яе прыхаджан збірацца і маліцца без абмежаванняў або фінансавых штрафаў у месцах, якія бяспечныя і надзейныя для вернікаў”.

17 лютага судовыя выканаўцы ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі ўвайшлі ў будынак царквы „Новае жыццё” пасля таго, як камунальныя работнікі з дапамогай спецыяльных інструментаў адчынілі дзверы. У царкве ў той час знаходзілася каля 50 вернікаў, якія маліліся аб вырашэнні сітуацыі. Адміністратар царквы Віталь Антончыкаў паведаміў БелаПАН, што супрацоўнікі органаў „запатрабавалі мікрафон і папрасілі ўсіх людзей пакінуць памяшканне, інакш усе паедуць „на суткі”. Пасля гэтага папярэджання члены суполкі пакінулі будынак.

Праз некаторы час прадстаўнікам суполкі дазволілі забраць частку маёмасці. Астатнія рэчы царквы былі апісаныя, будынак зачынілі, усе дзверы апячаталі.

Антончыкаў паведаміў, што пакуль суполка мае намер больш шырока выкарыстоўваць анлайн-фармат для правядзення малітоўных сходаў.

У канцы мінулага года ўпраўленне прымусовага выканання вынесла абшчыне пратэстанцкай царквы „Новае жыццё” чарговы загад з патрабаваннем да 31 снежня выканаць судовы загад ад 23 кастрычніка 2009 года і вызваліць будынак былога кароўніка плошчай 1.621 кв. м па вуліцы Кавалёва, 72. Спаганятым, згодна з дакументам, з’яўляецца ЖРЭА Маскоўскага раёна сталіцы.

У загадзе гаварылася, што ў выпадку невыканання патрабавання прымусовае высяленне адбудзецца 5 студзеня 2021 года ў 11.00. У 10.00 у дзень высялення царква пачала малітоўнае служэнне, на якое сабралася каля 200 вернікаў. Судовыя выканаўцы, якія з’явіліся ў пазначаны імі час разам з прадстаўнікамі ЖРЭА, у будынак заходзіць не сталі. Яны ўдакладнілі, ці мае намер суполка высяляцца, і, атрымаўшы адмову, склалі адміністрацыйны пратакол у дачыненні да кіраўніцтва царквы за парушэнне загада аб высяленні.

19 студзеня абшчына атрымала позву, якой упраўленне прымусовага выканання абавязала прадстаўнікоў царквы з’явіцца 1 лютага ў сувязі з парушэннем загада суда аб высяленні. У пазначаны дзень судовыя выканаўцы склалі новы адміністрацыйны пратакол па факце парушэння загада суда аб высяленні абшчыны з будынка, аднак пастар Вячаслаў Ганчарэнка яго не падпісаў. Віталь Антончыкаў тады паведаміў БелаПАН, што судовыя выканаўцы маюць намер распачаць чарговую спробу высялення абшчыны 17 лютага.

Выселіць царкву „Новае жыццё” з будынка, у які парафіяне перабудавалі на свае сродкі ў 1992 годзе выкуплены ў дзяржавы напаўразбураны кароўнік, Мінгарвыканкам спрабуе ўжо каля 15 гадоў. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстання зямельным участкам, нягледзячы на тое што ён быў выдзелены ёй бестэрмінова. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы, у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася прыблізна месяц. Вернікі змянялі адзін аднаго, пастаянна знаходзячыся ў будынку царквы. Уладам давялося адступіць: сітуацыя вакол „Новага жыцця” атрымала шырокі міжнародны рэзананс, у абарону царквы выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб’яднанні.

belapan.by

Фота: facebook.com/usembassy.minsk