Павялічыцца тэрмін знаходжання ў Беларусі грамадзян Еўразвяза
Падпісанне пагаднення з Еўразвязам аб спрашчэнні візавых працэдур дазволіць яго грамадзянам знаходзіцца ў Беларусі 180 дзён у годзе замест 90. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі МЗС, адказваючы 23 верасня на пытанні на старонцы знешнепалітычнага ведамства ў «Фэйсбуку».
«Пасля ўступлення ў сілу пагаднення кошт беларускай візы для грамадзян ЕЗ будзе зніжаны да 35 еўра. Таксама будзе павялічаны пералік падстаў для выдачы бясплатных віз у некамерцыйных мэтах. Больш за тое, тэрмін знаходжання замежных грамадзян у Беларусі павялічыцца ў два разы: з 90 дзён у годзе да 180», – адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве.
Акрамя таго, «плануецца далейшая праца па спрашчэнні ўезду ў нашу краіну ў рамках бязвізавых рэжымаў, якія існуюць», дапоўнілі ў МЗС.
Аляксандр Лукашэнка 20 верасня падпісаў указы, якімі ўхвалены праекты пагадненняў з Еўрапейскім звязам аб спрашчэнні выдачы віз і аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу.
Міністэрства замежных спраў упаўнаважана на правядзенне перамоў і падпісанне пагадненняў пры дасягненні дамоўленасцяў у межах адобраных праектаў.
Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ЕЗ і Беларусь вядуць з 2014 года.
Еўразвяз імкнецца завяршыць унутраныя працэдуры па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму як мага хутчэй, паведаміў на мінулым тыдні ў інтэрв’ю БелаПАН новы кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Дзірк Шубель. Паводле яго слоў, пагадненне будзе заключана, як толькі бакі завершаць усе ўнутраныя працэдуры. Праз два месяцы пасля заключэння дакумент набудзе моц.