Пажар у будынку Мінабароны РФ
У Маскве амаль згарэў пяціпавярховы будынак Мінабароны 1792 года пабудовы. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на крыніцу ў экстраных службах расейскай сталіцы.
Крыніца пажару знаходзілася на трэцім паверсе, а плошча ўзгарання складае 50 квадратных метраў. Пазней агонь па перакрыццях распаўсюдзіўся на іншыя памяшканні трэцяга, а таксама на чацвёрты і пяты паверхі. Як перадае РІА „Навіны”, у далейшым ён перакінуўся і на дах.
Каля 13:30 маскоўскага часу стала вядома, што плошча пажару павялічылася да 3,5 тысячы квадратных метраў.
На месца інцыдэнту прыехаў начальнік Генштаба Валерый Герасімаў, першы намеснік кіраўніка Мінабароны Руслан Цалікаў і намеснік кіраўніка МНС Аляксандр Чупрыян, а таксама першы віцэ-мэр Масквы Пётр Бірукоў.
Першапачаткова пажару была прысвоена другая катэгорыя складанасці па пяцібальнай шкале, а затым і трэцяя, а яшчэ праз некаторы час – вышэйшая, пятая.
У раёне пажару спынены рух транспарту. Ратавальнікі эвакуявалі з будынка сем чалавек; ніхто не пацярпеў. Яшчэ 40 чалавек выйшлі вонкі самастойна.
У тушэнні пажару па стане прыкладна на 16:00 удзельнічала больш за 300 чалавек і больш за 60 адзінак тэхнікі. Гадзінай раней афіцыйны прадстаўнік Мінабароны генерал-маёр Ігар Канашэнкаў паведаміў, што адкрыты агонь у будынку ліквідаваны і цяпер ідзе ліквідацыя ачагоў задымлення. Ён таксама не пацвердзіў інфармацыю, што з’явіліся ў СМІ, пра тое, што пацярпеў кабінет савецкага маршала Георгія Жукава.
Каля 16 гадзін абрынуўся дах будынка. Плошча абрушэння склала прыкладна 1,2 тысячы квадратных метраў.
Агонь цалком удалося патушыць толькі каля 18-й гадзіны вечару, ажно праз 8 гадзін пасля пачатку ўзгарання.
Паводле інфармацыі LifeNews, траіх пажарных шпіталізавалі з атручваннем ўгарным газам. Інтэрфакс, аднак, пазней паведаміў са спасылкай на Бірукова, што пацярпеў толькі адзін пажарны.
Магчымай прычынай інцыдэнту называюць няспраўнасць электраправодкі. Як перадаваў LifeNews са спасылкай на неназваныя крыніцы, першы раз пажарнікаў у будынак выклікалі яшчэ ў 4 гадзіны раніцы ў нядзелю, 3 красавіка, аднак тыя нічога не выявілі і з’ехалі. Аднак потым незаўважаны імі кабель загарэўся, як сцвярджаў тэлеканал.
Між тым, суразмоўца Інтэрфакса ў праваахоўных структурах паведамленне LifeNews абверг. Узгаранне, па словах суразмоўцы агенцтва, адбылося ў іншым корпусе і было хутка ліквідавана.
Паводле grani.ru
Фота ria.ru