ПБНФ патрабуе вызвалення Вітольда Ашурка
Кіроўны цяпер у Беларусі рэжым спрабуе задушыць народны гнеў рэпрэсіямі, арыштамі і катаваннямі, несправядлівымі судовымі выракамі.
Разам з тысячамі мірных пратэстоўцаў, якія выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў з мірнымі выступамі супраць фальсіфікацыяў і з патрабаваннямі праўды і справядлівасці, быў і наш паплечнік, сябра Сойму Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” Вітольд Ашурак.
Улады ўжылі супраць Вітольда Ашурка адміністрацыйны пераслед, склаўшы на яго некалькі хлуслівых пратаколаў аб правапарушэннях па артыкуле 23.34 КаАП. Вітольд Ашурак быў затрыманы, яму прысудзілі спачатку адміністрацыйныя арышты, а потым перакваліфікавалі справу ў крымінальную. За кратамі спадар Вітольд сустрэў 50-гадовы юбілей. Зараз справа Вітольда Ашурка рыхтуецца да разгляду ў судзе.
З вядомых матэрыялаў справы вынікае, што адзіная падстава для прыцягнення Вітольда Ашурка да адказнасці палягае ў тым, што ён узяў удзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту супраць фільсіфікацыі выбараў 9 жніўня ў горадзе Ліда, заклікаў далучыцца да яе праз сацыяльныя сеткі, пры дапамозе гукаўзмацняльніка агучваў лозунгі. Яму інкрымінуецца артыкул 342 Крымінальнага кодэкса “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.
Хлусліва намагаючыся выставіць лідэраў мірных пратэстаў пагромшчыкамі і завадатарамі масавых беспарадкаў, улады беспадстаўна далучылі да абвінавачання артыкул 364 Крымінальнага кодэкса “Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”, грунтуючыся на супраціве, які быццам бы аказаў абвінавачаны пры затрыманні.
Зыходзячы з прыкметаў, вызначаных у праваабарончым кіраўніцтве па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, калі пазбаўленне волі было ўжыта выключна з-за яе палітычных або іншых перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод. Неабходная абарона ў выглядзе правамернай абароны ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі, у тым ліку, па незаконным загадзе, з’яўляецца мажлівай і дапушчальнай і не выключае асобу з катэгорыі палітычных зняволеных.
Абвінавачанне Вітольду Ашурку па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса з’ўяляецца хлуслівым і грунтуецца выключна на дзеяннях па забеспячэнні свабоды слова і свабоды сходаў. Абвінавачанне Вітольду Ашурку па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса з’яўляецца хлуслівым і грунтуецца выключна на тых магчымых дзеяннях, якія знаходзяцца ў межах неабходнай самаабароны ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў па спыненні мірнага пратэстнага сходу і затрыманні яго ўдзельнікаў.
У сувязі з выкладзеным пераслед Вітольда Ашурка мы разглядаем як палітычна матываваны, скіраваны на пераслед тых актывістаў грамадзянскай супольнасці, якія далучыліся да пратэстаў і ўзялі на сабе ролю выяўлення супольных патрабаванняў беларускіх грамадзянаў.
Вітольд Ашурак з’яўляецца палітычным зняволеным і павінны быць вызвалены.
Партыя БНФ яшчэ раз падкрэслівае несумяшчальнасць заклікаў да грамадскага дыялогу, якія зыходзяць з боку ўладаў, з працягам палітычных рэпрэсіяў супраць тых палітыкаў і актывістаў, якія намагаліся гэты дыялог весьці, стаўшы на чале абураных пратэстамі грамадзян. Вітольд Ашурак кінуты за краты за ўдзел у мірных пратэстах і за патрабаванне цывілізаванага дыялогу. Ягоная крымінальная справа яскрава сведчыць, што адзіны фармат дыялогу, на які ўлады цяпер здольныя – гэта дыялог са зняволенымі, рукі якіх скаваныя кайданкамі.
Пры такіх умовах якія-кольвек запрашэнні да ўдзелу ў дыялогавых пляцоўках Партыя БНФ разглядае як няшчырыя, крывадушныя і непрыймальныя.
Партыя БНФ патрабуе неадкладнага вызвалення палітвязня, сябра Сойму БНФ Вітольда Ашурка і зняцця з яго ўсіх абвінавачанняў. Партыя БНФ настойвае на сваім прынцыповым закліку да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў і асобаў, якія былі адвольна арыштаваныя, без чаго немагчымае мірнае ўрэгуляванне грамадскага супрацьстаяння, якое распальваецца цяпер у Беларусі. Мы выказваем салідарнасць з тысячамі людзей, што кінутыя цяпер за краты з-за справядлівага і мірнага патрабавання свабоды і справядлівасці, якія пакутуюць ад зневажальнага абыходжання і інфармацыйнай ізаляцыі ў вязніцах.
Мы заклікаем усіх людзей добрай волі падтрымаць мужных грамадзян, якія цяпер знаходзяцца ў вязніцах, у тым ліку паштоўкамі і лістамі:
230023, г. Гродна
вул. Кірава, 1, турма № 1
Ашурак Вітольд Міхайлавіч