Пентагон: РФ перадыслакуе прыкладна пятую частку сваіх сіл з-пад Кіева
Расея перадыслакуе каля 20% сваіх войскаў з-пад Кіева. Пра гэта паведаміў падчас брыфінгу прэс-сакратар Пентагона Джон Кірбі. У Пентагоне адзначылі, што цягам мінулых сутак невялікі працэнт расейскіх войскаў з-пад Кіева пакінуў свае пазіцыі.
Некаторыя з гэтых войскаў перадыслакуюцца ў Беларусь. Няма дакладнага ліку, але ніхто з іх не вярнуўся ў месца сталай дыслакацыі. Калі расейцы сур’ёзна ставяцца да дээскалацыі, як яны гэта называюць, то яны павінны адправіць іх дадому, – сказаў Кірбі.
На думку Пентагона, батальённа-тактычныя групы, якія адышлі з Кіева, папоўняць расейскія сілы на іншых кірунках. Пры гэтым прэс-сакратар ведамства падкрэсліў, што групоўка пад Кіевам захоўвае вялікую колькасць.
Акрамя таго, неназваны прадстаўнік Мінабароны ЗША паведаміў французскаму агенцтву AFP, што расейскія войскі пачынаюць сыходзіць з тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС.
Нагадаем, што пасля перамоў у Стамбуле, расейскі бок заявіў, што скарачае ваенную актыўнасць на Кіеўскім і Чарнігаўскім кірунку. Гэтаму папярэднічала заява міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, які сказаў, што арміі Украіны нанесены істотны ўрон і цяпер расейскія войскі могуць засяродзіць намаганні на дасягненні галоўнай мэты – так званым вызваленні Данбаса.