Пентагон выдаткуе для Ўкраіны 200 мільёнаў даляраў



ЗША ў 2018 годзе выдаткуюць Украіне 200 мільёнаў даляраў на ваенную тэхніку, рыштунак і рыхтоўлю вайскоўцаў, паведамляецца на сайце Пентагона.

Грошы пойдуць у фонды супрацы ў галіне бяспекі для „дадатковага навучання, абсталявання і кансультацыйных высілкаў па ўзмацненні абароназдольнасці сілаў Украіны”.

Таксама сродкі прызначаны для „правядзення бягучых праграмаў баявой рыхтоўлі і аператыўных патрэбаў”.

Напярэдадні стала вядома, што ЗША адхілілі прапанову кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна аб правядзенні рэферэндуму ў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, якую ён зрабіў на сустрэчы з Дональдам Трампам у Хельсінкі.

Раней агенцтва Bloomberg паведаміла, што Пуцін расказаў расейскім дыпламатам, што на саміце ў Хельсінкі ён прапанаваў прэзідэнту ЗША Трампу разгледзець ідэю рэферэндуму, які дапамог бы развязаць канфлікт у Данбасе.

Беларускае Радыё Рацыя