Перад выбарамі народу паказваюць змаганне з карупцыяй



Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак распавядае, чаму ў Беларусі сумы хабараў б’юць рэкорды.

Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення па змаганні з эканамічнымі злачынствамі (ГУБЭЗ) Беларусі Эдуард Нікіцін падвёў вынікі працы за 2014 год.

Сума хабараў за 2014 год рэкордная. Да крымінальнай адказнасці прыцягваюць 65 службовых асоб, з іх 29 чалавек атрымалі хабар у тысячу долараў і больш — 520 тысяч долараў на усіх, паведамляе euroradio.fm.

Алег Гулак: На маю думку, самі па сабе лічбы не дужа пра нешта сведчаць, бо пра высокі ўзровень карупцыі мы ведаем і без статыстыкі. Але я не выключаю, што менавіта перад выбарамі народу паказваюць змаганне з карупцыянерамі і нават узмацненне гэтай барацьбы. Хоць ніхто не адмаўяе той факт, што з карупцыяй трэба змагацца.

РР: Чаму, нягледзячы на такое змаганне, узровень карупцыйнасці ў краіне па-ранейшаму застаецца высокім?

Алег Гулак: Таму што дзяржаўная сістэма сама параджае карупцыю. Гэтая сістэма занадта непразрыстая, а ў чыноўнікаў занадта шмат паўнамоцтваў. Па сутнасці, каб перамагчы гэтую гідру, уладам трэба звяртацца не толькі да сілавых структураў, але і да грамадскасці, да публічнасці і празрыстасці работы дзяржорганаў. Інакш рэкорды па карупцыі будзем біць па-ранейшаму. У цёмным пакоі заўсёды больш спакусы скрасці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота smrday.ru