Перамовы Беларусі з ЕЗ зайшлі ў тупік



Перамовы па падпісанні дамовы аб прыярытэтах партнёрства паміж Беларуссю і Еўразвязам зайшлі ў тупік. Пра гэта ў размове з журналістамі падчас канферэнцыі ў рамках ініцыятывы «Менскі дыялог» заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка.

Я не гатовы сказаць, што гэта завісла назаўсёды. Усё ж мы настроены на тое, каб паспрабаваць знайсці нейкі кампраміс. На дадзены момант, я б сказаў, па гэтым дакуменце мы, на жаль, знаходзімся практычна ў тупіку. Тым не менш, гэта не азначае, што перамовы на гэту тэму перапыненыя або скончаныя. У нашых кантактах з еўрапейскім бокам гэта тэма ёсць заўсёды. На мой погляд, мы паводзілі сябе даволі гнутка і канструктыўна з жаданнем усё ж узгадніць гэты тэкст.

МЗС Беларусі планаваў падпісаць дамову аб прыярытэтах партнёрства з ЕЗ яшчэ ў мінулым годзе. У беларускім знешнепалітычным ведамстве заяўляюць, што перашкодай падпісанню стала пазіцыя Літвы, якая блакуе дакумент з-за Астравецкай АЭС. Літоўскія ўлады патрабуюць спыніць будоўлю ядзернага аб’екта побач з мяжой.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск