Перамовы па абранні адзінага кандыдата ў прэзідэнты – замарожаныя
У шэрагах беларускай апазіцыі працягваюцца перамовы па абранні адзінага кандыдата у прэзідэнты Беларусі. І хоць да выбараў ужо менш за 10 месяцаў, спрэчкі паміж партыямі і грамадскімі арганізацыямі пакуль не маюць выніку.
Намеснік старшыні «Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч канстатуе адсутнасць якога-небудзь прагрэсу ў перамовах.
– Перамовы замарожаныя. Мы маем некалькі заяваў з боку палітыкаў, якія гавораць пра свой асабісты безумоўны ўдзел, што само па сабе перакрэслівае ідэю абрання адзінага кандыдата.
«Але сітуацыя можа імкліва мяняцца, як у краіне, так і ў стане апазіцыі. Магчыма, ўзнікне патрэба аб’яднацца», – адзначае Юрась Губарэвіч.
У сваю чаргу Марына Адамовіч, жонка палітыка і палітвязня Міколы Статкевіча, лічыць, што адзінае правільнае рашэнне – гэта вылучэнне ў кандыдаты яе мужа. Сама Марына Адамовіч не бачыць ў шэрагах апазіцыі таго, хто здольны і хоча змагацца.
– Нежаданне змагаццца з’яўляецца вынікам доўгатэрміновага ціску.
Раней аб жаданні вылучацца ў кандыдаты на прэзідэнта заяўлялі палітвязень Мікалай Статкевіч, які адзіны з кандыдатаў на выбарах 2010 года, застаецца за кратамі.
Таксама жадаюць вылучацца старшыні партыі БНФ і АГП Аляксей Янукевіч і Анатоль Лябедзька.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя