Перамовы па адзіным ад апазіцыі зайшлі ў тупік (абноўлена)



Перамовы па вылучэнні адзінага кандыдата на пасаду прэзідэнта ад апазіцыі прыпыненыя. Палітычныя партыі не дасягнулі згоды, каб адзіным стаў палітвязень Мікола Статкевіч.

Паасобныя партыі ўжо заявілі пра гатовасць вылучаць сваіх прадстаўнікоў, не чакаючы паразумення, кажа намеснік старшыні Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч:

– Перамовы пра вылучэнне адзінага на кангрэсе прыпыненыя. Мы бачым, што ёсць заявы з боку розных палітыкаў, якія нават не разглядаюць для сябе магчымасць удзелу ў супольнай кампаніі па вылучэнні адзінага кандыдата. Яны ўжо заяўляюць, што гатовыя ісці самастойна. Канешне, гэта ўсё ўскладняе выхад на адзінага. Але пэўны час яшчэ ёсць. Магчыма змены ў эканамічнай сітуацыі прымусяць такіх палітыкаў падумаць, што супольныя дзеянні будуць больш эфектыўнымі.

На сённяшні дзень апазіцыя згодная стварыць ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча, аднак няма згоды, каб Мікола Статкевіч стаў адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі. Пра намер балатавацца ў прэзідэнты заяўляў раней лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Нягледзячы на рознагалоссі датычныя адзінага кандыдата Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, кампанія „Гавары праўду!”, Партыя БНФ, Рух „За свабоду” падпісалі пагадненне пра сумесную назіральную кампанію на час прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

Цяпер ідзе працэс фармавання структур кампаніі і тэхнічнага складу, у бліжэйшы час кіраўнікі дэмакратычных структур паедуць па рэгіёнах і будуць ствараць рэгіянальныя аддзелы ва ўсіх абласцях.

Як паведаміў Юрась Губарэвіч ёсць спадзяванні, што да кампаніі далучацца іншыя партыі і арганізацыі, пакуль да кампаніі не далучылася АГП і партыя „Справядлівы свет”:

– Мы запрашалі іх на самым пачатку да ўдзелу ў супольнай кампаніі, вялі доўгі час перамовы, на жаль яны, як і партыя “Справядлівы свет”, пакуль сябе не бачаць у фармаце супольнага назірання. Магчыма яны зменяць сваё стаўленне і далучацца пазней. Разам з намі былі прадстаўнікі іншых палітычных структур такія, як аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу, партыі „Зялёных”, мы спадзяемся далучыць іх да кампаніі ў гэтым годзе.

Кампанія назірання-2015 будзе прадстаўляць інфармацыю штабам усіх дэмакратычных кандыдатаў і не будзе падтрымліваць кагосьці канкрэтнага.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя