Перамовы па “адзіным кандыдаце” пакуль зайшлі ў тупік
Ужо больш за паўгады ідуць кансультацыі ў апазіцыйным асяроддзі па вылучэнні адзінага кандыдыта, па выпрацоўцы адзінай стратэгіі і тактыкі. Аднак вынікаў надалей няма.
Паводле лідара Руху „За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, прычына палягае ў агульнай слабасці апазіцыі:
– Моцныя аб’ядноўваюцца прасцей, слабыя аб’ядноўваюцца кепска. Апазіцыя стала слабейшай па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах, асабліва пасля 2010 года. Для слабейшых самым галоўным робіцца: а хто будзе галоўным у нашай групе? Тады інтарэсы краіны адыходзяць на другі план, бо мы на іх уплываць не можам. Адсутнасць веры ў тое, што мы можам паўплываць, робіць дробнымі інтарэсы.
„На жаль, спрэчкі ў пытанні, хто мае стаць адзіным лідарам ад апазіцыі – надалей вядуцца“, – канстатуе лідар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў:
– Я адзін з першых заявіў некалі пра тое, што буду прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах і буду прэтэндаваць на ролю адзінага кандыдата. І ў мяне была для гэтага матывацыя, якая палягала ў тым, як абыйшоўся са мною рэжым, персанальна Лукашэнка на выбарах 2010 года. І агульная матывацыя: мяне не задавальняе, як і большасць дэмакратычна настроеных беларусаў, тое, што робіць з Беларуссю гэты самы рэжым.
Перамовы пакуль зайшлі ў тупік, таму Уладзімір Някляеў заявіў, што гатовы адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на ролю адзінага кандыдата. Аднак падкрэслівае, што галоўнае пытанне – гэта не тое, ХТО стане адзіным, а ШТО ён плануе рабіць.
Беларускае Радыё Рацыя