Перамовы па Данбасе могуць прайсці ў Менску 24 і 26 снежня
Чарговыя сустрэчы кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе запланаваныя на 24 і 26 снежня. Пра гэта дамовіліся падчас тэлефоннай размовы прэзідэнты Украіны Пятро Парашэнка, Францыі — Франсуа Аланд, Расеі —Уладзімір Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта. Паводле паведамлення, суразмоўцы «пагадзіліся з неабходнасцю выконваць усе пункты менскіх дамоўленасцяў, сярод якіх – пытанні спынення агню, выхаду на лінію размежавання, якая замацаваная ў Мемарандуме ад 19 верасня, адводу войскаў і цяжкага ўзбраення, а таксама найхутчэйшага вызвалення ўсіх закладнікаў». Пятро Парашэнка заявіў аб неабходнасці вызвалення з расейскай турмы ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.
Сустрэча кантактнай групы па Данбасе (Украіна, Расея, АБСЕ з удзелам сепаратыстаў з Данецка і Луганска) пераносілася ўжо некалькі разоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота korrespondent.net