Перамовы па Украіне пройдуць ў рэзідэнцыі „Заслаўе”



Па неафіцыйнай інфармацыі, сустрэча трохбаковай групы Украіна-Расея-АБСЕ па сітуацыі ва Украіне пройдзе ў дзяржаўнай рэзідэнцыі „Заслаўе”. Пра гэта паведамляюць некаторыя СМІ, у тым ліку тэлеканал „Расея-24”, са спасылкай на блізкія да перамоваў крыніцы.

Афіцыйнай інфармацыі аб даце, месцы і фармаце перамоваў па-ранейшаму няма. Між тым у амбасадзе Расеі у Беларусі паведамілі, што ў Мінск ужо прыбыў пасол Расеі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, які павінен удзельнічаць у перамовах. Інфармацыі аб прыбыцці іншых удзельнікаў няма.

Напярэдадні паведамлялася аб удзеле ў менскай сустрэчы экс-прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы. Аднак у дабрачынным фондзе „Украіна”, якім ён кіруе,  адмовіліся паведаміць, ці прыедзе Кучма ў Беларусь, заявіўшы толькі, што „Леанід Данілавіч у адпачынку”.

Невядома таксама, ці будуць запрошаныя на перамовы прадстаўнікі СМІ. Тым часам прэм’ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Барадай заявіў, што прадстаўнікі ДНР збіраюцца прыняць удзел у пасяджэнні ў Мінску.