Перамовы Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы доўжыліся больш за 4 гадзіны



 Перамовы прэзідэнтаў Расеі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы працягваліся больш за 4 гадзіны.

Сустрэча праходзіла ў рэзідэнцыі Бачароў Ручай. На перамовах акрамя кіраўнікоў дзяржаў прысутнічалі прэм’ер-міністры і іншыя прадстаўнікі ўрадавых дэлегацый дзвюх краін.

Пры гэтым, як паведамляе „Московский комсомолец”, спачатку дэлегацыі пачалі перамовы разам, потым кіраўнікі дзяржаў адасобіліся ў кабінет Пуціна. Дэлегацыям падалі абед, і перамовы працягнуліся ў фармаце дзелавога абеду. Прэзідэнты таксама абедалі асобна ў кабінеце.

Пасля абеду кіраўнікі дзяржаў вярнуліся да абмеркавання пытанняў за агульны стол.

Праз некаторы час першы віцэ-прэм’ер — міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў выйшаў з залы. Ён адмовіўся адказваць на канкрэтныя пытанні аб ходзе перамоў, але паведаміў, што яны яшчэ працягваюцца. Сілуанаў таксама не змог адказаць на пытанне, ці завершацца перамовы да канца дня.

Як паведаміла раней прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, Лукашэнка ва ўступным слове на перамовах заявіў Пуціну, што Беларусь нічога не просіць у Расеі, адно толькі роўныя ўмовы.

„Не просім нічога, не настойваем ні на чым. Мы дамовіліся даўно, развіваючы нашу дамову, — людзі і суб’екты гаспадарання павінны мець роўныя ўмовы для жыцця і працы. Роўныя ўмовы — больш нічога не трэба, — сказаў Лукашэнка. — Мы не просім, як, некаторыя кажуць, танны газ, танную нафту. Мы гатовыя і па 200 долараў газ купляць (цяпер цана на расейскі газ для Беларусі складае 127 долараў за 1 тыс. куб. м. — БелаПАН.) і нафту купляць не па 63 долары за бараль. Галоўнае, каб роўныя былі ўмовы. Калі нашы прадпрыемствы купляюць за 200 долараў, значыць, і канкурыруючыя прадпрыемствы (у Расіі.  БелаПАН.) павінны мець такую ж цану. У адваротным выпадку мы проста не зададзім аснову нашых адносін. Вы як вучоны, кандыдат эканамічных навук разумееце гэта не горш за мяне. Вось адзіная праблема, над якой у прынцыпе працуюць нашы ўрады. Мы сабраліся для таго, каб вырашыць гэтыя пытанні”.

У сваю чаргу Пуцін разлічвае, што Беларусь і Расея атрымаюць прыкметныя перавагі ад інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве. „Хачу выказаць надзею на тое, што мы і далей будзем рабіць усё, каб нашы народы і краіны адчувалі сваю блізкасць, працягвалі збліжэнне, перш за ўсё, вядома, у сферы эканомікі, але не толькі, таксама і ў сацыяльнай сферы, што надзвычай важна, а таксама атрымлівалі прыкметныя перавагі ад гэтай інтэграцыі”, — сказаў прэзідэнт РФ.

Лукашэнка з’ехаў з Бачарова Ручая без заяваў для прэсы.

belapan.by