Перамовы Пуціна з Лукашэнкам наўрад ці прывядуць да прарыву



Маскве і Менску не ўдасца 3 красавіка ўрэгуляваць усе праблемныя пытанні ў двухбаковых адносінах. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы перамовы паміж прэзідэнтамі Беларусі і Расеі, запланаваныя на 3 красавіка.

Як паведамлялася, 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца сустрэча Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Паводле слоў прэс-сакратара расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова, падчас перамоў бакі плануюць абмеркаваць рознагалоссі ў эканамічнай сферы, якія існуюць паміж Беларуссю і Расеяй.

„Перамовы наўрад ці прывядуць да прарыву і дазволяць ліквідаваць усе назапашаныя праблемы паміж дзвюма краінамі. Адносіны на палітычным узроўні паміж першымі асобамі дзвюх краін прыкметна прыпсаваныя, таму на хуткае вырашэнне ўсіх праблем не варта разлічваць”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык „Альпары” Вадзім Іосуб.

Ён таксама звярнуў увагу, што па нафтагазавым пытанні пазіцыі бакоў моцна разыходзяцца і пакуль „не відаць платформы для кампрамісу”.

„Масква заяўляе, што доўг Беларусі за газ складае 700 млн даляраў, а Менск адмаўляецца прызнаваць гэтую суму як доўг. Таму наўрад ці ў беларуска-расійскіх адносінах, якія тычацца эканамічных пытанняў, мы ўбачым у найбліжэйшы час вялікі прарыў”, — выказаў меркаванне Іосуб.

Аналагічнай думкі прытрымліваюцца і іншыя назіральнікі.

„Наўрад ці падчас перамоў Лукашэнку з Пуціным удасца зняць усе праблемныя пытанні, якія ўтварыліся за апошні час у эканамічнай сферы паміж Менскам і Масквой. У той жа час відавочна, што ад вынікаў перамоў з Расіяй будзе залежаць патрэба Беларусі ў новых запазычаннях”, — лічыць дырэктар па даследаваннях дыскусійна-аналітычнай супольнасці „Ліберальны клуб” Яўген Прэйгерман.

Аналітыкі сумняюцца, што Расея „капітулюе” і прыме ўмовы Беларусі па ўсіх эканамічных пытаннях.

„Тэарэтычна, калі Расея пагодзіцца на беларускую цану за газ, адновіць пастаўкі нафты для поўнай загрузкі беларускіх НПЗ і даруе назапашаную запазычанасць за газ, патрэба Беларусі ў новых запазычаннях у 2017 годзе рэзка зніжаецца. Аднак гэта занадта фантастычны сцэнар, каб у яго верыць”, — мяркуе Вадзім Іосуб.

Масква і Менск ужо больш за год не могуць урэгуляваць спрэчку ў нафтагазавай сферы. На гэтым фоне Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, старшынёй савета якога з’яўляецца міністр фінансаў Расеі, прыпыніў крэдытаванне Беларусі. Між тым траншы крэдыту ЕФСР (у памеры 700 млн даляраў) беларускія ўлады ў 2017 годзе планавалі накіраваць на бягучыя выплаты па дзярждоўгу. Сёлета плацяжы Беларусі па дзярждоўгу складуць каля 3,5 млрд даляраў.