Перамовы з МВФ: барацьба нерваў
“Лібералізацыя беларускай эканомікі – той пень, аб які спатыкнуцца прадстаўнікі МВФ”, – кажа эканаміст Леў Марголін.
У Беларусь чарговы раз прыязджае місія Міжнароднага валютнага фонда, якая будзе працаваць 5-12 чэрвеня.
Зараз ужо практычна гатова да падпісання праграма Беларусі з МВФ, якая падтрымліваецца крэдытам на суму 3 мільярды даляраў на 10 гадоў пад 2,28% гадавых.
Леў Марголін: Зараз падчас перамоваў прадстаўнікоў МВФ з беларускімі ўладамі ідзе, так бы мовіць, барацьба нерваў. Беларускі бок стараецца атрымаць хаця б нешта і кажа, што, калі прыйдуць грошы, то пачнуцца нейкія перамены ў эканоміцы. А Міжнародны валютны фонд заяўляе, што спачатку хоча ўбачыць гэтыя самыя перамены, а ўжо затым даваць крэдыт. Калі ўсё ж такі дакумент падпішуць і ў Беларусь паступіць першы транш, то гэта будзе азначаць, што МВФ трохі саступіў са сваёй пазіцыі, бо разумее, што на беларускія ўлады ўздзейнічаць вельмі складана. Але не думаю, што Міжнародны валютны фонд такі наіўны і дасць нейкую істотную суму. Магчыма, спачатку будзе нейкі адзін транш у памеры 300-400 мільёнаў даляраў.
РР: Гэтыя грошы моцна дапамогуць беларускай эканоміцы?
Леў Марголін: Яны прыктачны не вырашаць праблем, але пасля гэтага транша наўрад ці пачнуцца нейкія радыкальныя рэформы. І затым уладам цяжка будзе казаць МВФ: дайце яшчэ грошай, мы пазней пачнем рэфармаванне. Бо першы транш дадуць пад пэўныя ўмовы, якія трэба будзе выканаць для таго, каб атрымаць наступны. Таму нейкай вялікай перамогі я тут не бачу. А беларускія ўлады хочуць і грошы атрымаць, і ніякія ўмовы асабліва не выконваць.
РР: Крэдыторы патрабуюць лібералізацыі беларускай эканомікі, ліквідацыі перакрыжаванага субсідзіравання… Пойдуць на гэта ўлады?
Леў Марголін: Мяркую, што ўмова лібералізацыі эканомікі – якраз той пень, аб які спатыкнуцца прадстаўнікі МВФ, бо Лукашэнка публічна заявіў, што краіна не гатова ісці на нейкія рэформы. Таму вельмі цікава паглядзець, як да гэтага паставіцца МВФ у звязку з тым, што беларускія ўлады хочуць атрымаць грошы менавіта пад рэформы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота DW.com