Ператрус у кватэры жыхара Бярозаўкі па справе флэш-мобу



Кампутар і прынтар канфіскавалі ў жыхара з Бярозаўкі Юрыя Дзяшука два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Юрыя Дзяшука падазраюць у датычнасці да нашумелай акцыі, якая адбылася месяц таму ў Бярозаўцы, па факце якой міліцыя пачала крымінальную справу:

– На працягу дня тры разу прыходзілі, два разы мяне не было ў хаце. На трэці раз засталі мяне ў хаце. Азнаёмілі  са справай – гэта флэш-моб, які адбываўся месяц таму. Сказалі, што я магу мець дачыненне, і некаторыя рэчы ў маёй кватэры могуць мець дачыненне. Рабілі ператрус. Глядзелі паперкі розныя, усюды лазілі. Адразу, калі пабачылі кампутар, сказалі: “Забіраем!” І прынтар забралі, хаця ён паўгады не працуе, але забралі ўсё роўна. 

Гэта чарговы вобшук у актывістаў па справе аб флэш-мобе супраць шкоднай вытворчасці, які амаль месяц таму прайшоў на транспартнай прахадной шклозавода «Нёман». Там былі складзеныя аўтамабільныя пакрышкі, раскіданыя ўлёткі.

Невядомыя пакінулі побач бутэлькі з невядомай вадкасцю і запалілі дымавыя шашкі. У траўні на шклозаводзе «Нёман», які знаходзіцца ў самым цэнтры Бярозаўкі, была запушчана вытворчасць шкловаты, пры вырабе якой выкарыстоўваюцца такія шкодныя рэчывы як фенолы і фармальдэгіды. Гараджане сталі наракаць на з’яўленне ў горадзе непрыемнага спецыфічнага паху.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя