Ператрусы ў салігорскіх маладафронтаўцаў
У кватэры салігорскага актывіста “Маладога Фронту” Андруся Тычыны прайшоў ператрус. Паводле маладафронтаўца, у яго шукалі парнаграфію, якая нібыта была распаўсюджаная з ягонага акаўнта ў сацыяльнай сетцы «У кантакце», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Ператрус таксама адбыўся ў кватэры Уладзіміра Шылы, бацькі маладафронтаўцаў Івана і Іллі. У яго забралі сістэмны блок кампутара.
– У паперы было напісана, што гэта звязана са справай аб распаўсюдзе парнаграфіі ў інтэрнеце. Я проста для сябе падумаў, што можа прыйшла нейкая новая генерацыя міліцыянтаў, можа яны сталі большымі эрудытамі. Можа з’явіўся нейкі “талент”, які прыдумаў такую вось схему, каб абліць брудам усіх. Я ўсё мог ад іх чакаць, але парнаграфія для мяне была поўнай нечаканасцю.
Напярэдадні маладафронтаўца Андруся Тычыну выклікалі ў міліцыю. Нібыта гэта звязана з перафарбаваннем 15-мэтровага знаку на ўездзе ў Салігорск у бел-чырвона-белыя колеры.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота saligorsk.org