Аляксандр Кабанаў правёў пікет і сустрэўся з выбаршчыкамі (абноўлена)



У Бярозе адбылася першая сустрэча кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Кабанава з выбаршчыкамі. На сустрэчы прысутнічала каля трох дзясяткаў чалавек. Перад невялікай аўдыторыяй выступіў сам кандыдат, кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька, давераныя асобы Кабанава Міхаіл Чыгір і Мікалай Казлоў. Яны гаварылі пра правальную эканомічную палітыку краіны, пра фальсіфікацыі на выбарах і пра тое, што людзі павінны не толькі ісці на выбарчыя ўчасткі галасаваць, але і назіраць за галасаваннем, каб галасы былі палічаны правільна. І асабліва прасілі не хадзіць на датэрміновае галасаванне.

Кажа Анатоль Лябедзька:

– Каб тут сядзелі нават 2 чалавекі, мы б з імі размаўлялі. Мы будзем прасіць падтрымаць Аляксандра Кабанава, не прыходзіць на датэрміновае галасаванне. Будзем прасіць дапамагчы яму раздаць улётку. Калі можаце пайсці ў назіральную сістэму – ідзіце.

Прысутныя на сходзе задавалі пытанні, атрымлівалі на іх адказы. Людзі былі задаволены сустрэчай:

Даведаўся многа новага. І зразумеў, што трэба змагацца, змагацца і яшчэ раз змагацца. І мы пераможам.

– Трэба галасаваць за Кабанава, а не Качыну. Я яго асабіста ведаю, вырас там, дзе ён. І нічога добрага ён у гэты горад не прынясе.

Леанід Качына – праўладны кандыдат. Яму ўлада стварае ўсе прэферэнцыі для сустрэч з калектывамі на прадпрыемствах, што забаронена Аляксандру Кабанаву.

[Not a valid template]

Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў правёў у Бярозе свой першы агітацыйны пікет. На пікет прыехалі аднапартыйцы з Менска: Міхаіл Чыгір, Анатоль Лябедзька і Мікалай Казлоў.

Бярозаўчане праявілі зацікаўленасць да газеты “Народная воля”, якую раздавалі на пікеце. На сам пікет звярталі няшмат увагі. Магчыма, хапала на хаду паслухаць Анатоля Лябедзьку – старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які звяртаўся да людзей праз мегафон:

– Прыходзьце ў каманду Аляксандра Кабанава, запішыцеся ў назіральнікі і паглядзіце, ці насамрэч лічаць вашыя галасы.

Цікавасць узрасла. Але гэта цікавасць да дыскусіі, да інфармацыі, якую можна атрымаць з газет, але не да выбарчай кампаніі.

Анатоль Лябедзька кажа праўду: людзі не вераць выбарам і выбары іх сапраўды не цікавяць.

– Я не хачу ўлазіць у палітыку.

– Я нават не ведаю, хто ў нас незалежны, хто залежны. Пойдзеш галасаваць – за цябе ўсё роўна прагаласуюць. Не пойдзеш галасаваць – зноў жа прагаласуюць за цябе. Выбірай або не выбірай – усё роўна выбяруць за цябе.

Паводле Анатоля Лябедзькі, такія адносіны людзей да выбараў сведчаць пра поўнае банкруцтва ўлады.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза