Першы сталічны пікет у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі



У Менску, каля буйнога гандлёва-забаўляльнага цэнтру „Дана Мол” на праспекце Незалежнасці, адбыўся першы публічны пікет у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, які арганізавалі праўладныя арганізацыі „Белая Русь” і БРСМ.

Кіраўнік „Белай Русі” Міхаіл Орда нават выступіў з кароткай прамовай. Ён сказаў, што ў гэтай выбарчай кампаніі ініцыятыўная група Аляксанда Лукашэнкі большасць подпісаў збірае ў працоўных калектывах і па месцу жыхарства. Сабрана ўжо парадку мільёна подпісаў за вылучэнне Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты. І гэтая праца будзе працягнута, у тым ліку і на пікетах.

– Мы тут нейкіх паказальных чэргаў не ствараем. Людзі прыходзяць, людзі свабодна ставяць свой подпіс, як належыць па нашаму закону. Ну і давайце скажам, што сёння важная не сама форма збору подпісаў, а напэўна больш важная і больш галоўнае – гэта каб увесь гэты выбарчы працэс праходзіў у спакойнай і мірнай абстаноўцы, каб не было парушэнняў заканадаўства,  каб усё было па нашаму закону і па Выбарчаму кодэксу.

Самае галоўнае, каб у грамадстве штучна не нагняталася абстаноўка і не распальвалася варожасць. Я ўпэўнены, што сёння наша дзяржава нікому не дазволіць парушаць закон у нашай краіне, – сказаў Міхаіл Орда і сышоў, не адказаўшы на пытанні журналістаў.

Затое адзін з жыхароў дома насупраць пляцоўкі, дзе адбываўся пікет за Лукашэнку, пажадаў распавесці Радыё Рацыя, як адбывалася падрыхтоўка гэтага мерапрыемства.

– Я тут жыву насупраць. У мяне выходзяць вокны роўна на гэтае месца. Гэта адзіны дзень, адзіны час, калі сюды папрывозілі людзей. Нічога тут не было, ні за якага Аляксандра Рыгоравіча. Толькі вось за Бабарыку тут стаяла жанчына, я пайшоў і падпісаўся. А гэтыя ўсе прывезеныя. І заўтра іх не будзе. Зрабілі, каб толькі па целеку паказаць. Так што – паказуха.

І на самой справе, як толькі гэты шматлюдны пікет за Лукашэнку і кароткі выступ Міхаіла Орды заснялі дзяржаўныя тэлеканалы, мерапрыемства хутка пачало згортвацца.

Беларускае Радыё Рацыя