Першыя медалі Ордэна Пагоні ўручылі блізкім палітвязняў



У Вільні на сядзібе Таварыства беларускай культуры адбылося ўручэнне першых медалёў Ордэну Пагоні.

Медалі былі перададзеныя блізкім палітычных вязняў Ігара Лосіка, Дар’і Лосік і Эдуарда Пальчыса, узнагароджаных дэкрэтам Старшыні Рады БНР ад 25 сакавіка 2023 году за заслугі на ніве барацьбы за волю Беларусі.

Алесь Чайчыц, сябра Камісіі па ўзнагароджаннях пры Радзе БНР, пракаментаваў:

„Дар’я, Ігар і Эдуард праходзяць праз цяжкія выпрабаванні за праўду, за вернасць сваім ідэалам і за ўвесь беларускі народ. Яны дэманструюць годнасць і гераізм у найскладанейшых умовах, якія ім незаконна стварылі злачынцы й ворагі дэмакратыі і свабоды. Уся Беларусь чакае іхнага найхутчэйшага вызвалення.”

Ігар Лосік, блогер, адміністратар тэлеграм-каналу, супрацьзаконна ўтрымліваецца ў турме з чэрвеня 2020 году. Незаконны прысуд: 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму (суддзя Мікалай Доля, пракурор Дзяніс Мікушаў).

Дар’я Лосік, жонка Ігара Лосіка, незаконна ўвязненая ў кастрычніку 2022 году за інтэрв’ю пра абставіны незаконнага арышту яе мужа. Незаконны прысуд: два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму (суддзя Мікалай Грыгаровіч, пракурор Кацярына Пакала). Эдуард Пальчыс, блогер і грамадскі дзеяч, незаконна ўвязнены з восені 2020 г. Незаконны прысуд: 13 гадоў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму (суддзя Пётр Арлоў).

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі патрабуе неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі Ігара і Дар’і Лосікаў, Эдуарда Пальчыса, а таксама ўсіх больш за 1 500 беларускіх палітычных вязняў.

facebook.com/radabnr