Перспектывы ўдзелу Беларусі ва „Усходнім партнёрстве” абмеркавалі ў Менску



Пятае пасяджэнне Каардынацыйнай групы Беларусь-ЕЗ адбылося ў Менску 26-27 красавіка.

Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, еўрапейскую – кіруючы дырэктар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па справах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Томас Маер-Хартынг.

У склад беларускай дэлегацыі таксама ўвайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, працы і сацыяльнай абароны, эксперты МЗС, МУС, міністэрстваў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, эканомікі, юстыцыі, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, іншых дзяржорганаў і арганізацый.

У ходзе пасяджэння абмеркаваны актуальны стан двухбаковых адносін, удзел Беларусі ў ініцыятыве ЕЗ „Усходняе партнёрства”, тэматыка правоў чалавека. Удзельнікі мерапрыемства ўдзялілі ўвагу перспектывам узаемадзеяння ў галіне адукацыі, аховы навакольнага асяроддзя, навукі, транспарту, лічбавай эканомікі, энергетыкі. Парадак дня перагавораў таксама ўключаў супрацоўніцтва ў міграцыйнай сферы і па лініі праграм міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕЗ.

Каардынацыйная група Беларусь-ЕЗ праводзіла сваё першае пасяджэнне ў красавіку 2016 года. Гэты фармат створаны для забеспячэння структураванага палітычнага дыялогу па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўразвязам.

Пасяджэнні праходзяць раз у паўгоддзе. Удзел у мерапрыемствах прымаюць прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі.

belta.by