Петыцыя супраць расейскай моўнай экспансіі ў Беларусі
У афіцыйнае інтэрнэт-прадстаўніцтва Прэзідэнта Украіны паступіла электронная петыцыя, у якой заклікаецца замяніць расейскую мову на беларускую ў кантактах з афіцыйнымі прадстаўнікамі Рэспублікі Беларусь.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– У петыцыі адзначаецца, што Беларусь, як і Україна, змагаецца з моўна-культурнай экспансіяй Расеі і бароніць сваё права на ідэнтычнасць. Беларускія патрыёты падтрымалі барацьбу ўкраінцаў за свабоду, еўрапейскі выбар і ў змаганні з расейскай агрэсіяй. Але ж, ва ўсіх фарматах кантактаў з Рэспублікай Беларусь дагэтуль выкарыстоўваецца выключна расейская мова, нібыта беларускай не існуе.
Аўтары петыцыі прапануюць выкарыстоўваць беларускую мову найперш у кантактах з афіцыйнымі беларускімі ўстановамі, зарганізаваць службу беларускамоўных паведамленняў пра рух цягнікоў беларускага кірунка, стварыць беларускамоўную версію сайта ўкраінскай амбасады ў Беларусі, а таксама выкарыстоўваць беларускую мову на этыкетках усёй украінскай прадукцыі, якая экспартуецца ў Беларусь.
Згодна дзейснага заканадаўства, электронныя петыцыі, адрасаваныя Прэзідэнту Украіны, разглядаюцца ў тым разе, калі яна набрала не менш за 25 000 подпісаў цягам трох месяцаў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота itar.tass