Петыцыю з патрабаваннем адстаўкі міністра адукацыі падпісалі больш за 5 тыс. чалавек
Петыцыя з патрабаваннем адстаўкі міністра адукацыі Ігара Карпенкі, пад якой падпісалася 5.058 чалавек, вечарам 4 траўня накіраваная ў Адміністрацыю прэзідэнта, паведаміў БелаПАН ініцыятар петыцыі старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Збор подпісаў пачаўся на сайце „Petitions.by. Зручны горад” 26 красавіка. „Лічым, што міністр адукацыі Ігар Карпенка не справіўся з выклікамі, якія ўзніклі з-за пандэміі каранавіруса”, — сказана ў петыцыі. Грамадзяне патрабуюць адправіць чыноўніка ў адстаўку і арганізаваць у краіне дыстанцыйнае навучанне.
„Пяць тысяч подпісаў было сабрана за тыдзень з невялікім, гэта паказвае настроі ў грамадстве і актуальнасць праблемы — адсутнасць узважанай і паслядоўнай палітыкі ў Міністэрстве адукацыі”, — пракаментаваў вынікі кампаніі Барысаў. Паводле яго слоў, гэта не першая петыцыя за адстаўку Карпенкі, але самая папулярная.
„Калі ўлады абапіраюцца на грамадскую думку, то павінны прыслухацца да меркавання людзей, якія падпісаліся пад петыцыяй, і ўбачыць, што ёсць праблема, пачаць вырашаць пытанне з дыстанцыйнай адукацыяй. Хай не адразу, але за паўгода можна наладзіць пляцоўку для анлайн-заняткаў”, — лічыць кіраўнік БСДП.
На яго думку, для Мінадукацыі настаў час стаць больш лічбавым, больш свабодным і менш забюракратызаваным, а настаўнікаў неабходна вызваліць ад лішняй папяровай працы.
У сувязі з пандэміяй каранавіруса COVID-19 вясновыя канікулы для школьнікаў двойчы працягвалі на тыдзень (да 11 і 18 красавіка), аднак 20 красавіка на патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі ў школах пачаўся навучальны працэс. Частка дзяцей не наведваюць заняткі.
belapan.by