Петыцыю за вызваленне Бабарыкі падпісалі 200 тысяч чалавек
Петыцыю за вызваленне Віктара Бабарыкі падпісалі больш за 200 тысяч чалавек. У дадатак да петыцыі на Change.org з’явілася іншая на Petitions.by. Петыцыя на Change.org з патрабаваннем вызваліць Віктара Бабарыку зʼявілася ў чацвер, 18 чэрвеня, па стане на раніцу нядзелі, 21 чэрвеня, яе падпісалі ўжо больш за 203 тысячы чалавек.
«Мы, грамадзяне Беларусі, патрабуем вызваліць з-пад варты кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Віктара Бабарыку і спыніць пераследы ў дачыненні да дадзенага кандыдата, членаў яго сямʼі, сяброў, былых калег, удзельнікаў ініцыятыўных груп, зборшчыкаў подпісаў і любых грамадзян, якія падтрымліваюць яго ў ролі кандыдата на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Затрыманне Віктара Бабарыкі зʼяўляецца грубым парушэннем чалавечых правоў у дачыненні да самога Віктара Бабарыкі, а таксама грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць аддаць свой голас за яго на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.Мы патрабуем забяспечыць законнасць і роўныя магчымасці для правядзення выбарчай кампаніі ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі», – заклікаюць аўтары петыцыі.
Аналагічная петыцыя на Petitions.by, якая мае юрыдычную вагу і будзе накіравана ў дзяржаўныя органы, на гэты момант сабрала 8000 подпісаў.
Беларускае Радыё Рацыя