Пікет ад „Моладзевага блоку” ў цэнтры Менска (абноўлена)



У Менску у цэнтры горада прайшоў пікет ад „Моладзевага блоку” – у межах падтрымкі кандыдата Яўгена Караўлава.

Усе жадаючыя маглі ўзяць транспаранты з іранічнымі лозунгамі: “Падаткі – гэта мастацтва”, “Армія – гэта крута”, “Отсрочка в рассрочку”, “Не мужыў – не служык”, “НЕ свабодзе мірных сходаў”, “Балонскі працэс за кратамі”. Былі і больш сур’езныя надпісы: “Размеркаванне – гэта рабства 21 века”, “Каму перашкаджае пыл у кішэні?”.

Адзін з выступоўцаў, Стас Шашок,  звярнуў увагу на тое, што мірны сход у Беларусі магчыма зрабіць толькі падчас выбарчых пікетаў, бо ў астатні час за яго трэба плаціць цэлых 2,5 рублі за хвіліну.

– У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь запісана, што мы маем права збірацца, калі мы захочам.

Іншы выступоўца Радзівон Чорны наракаў на тое, што моладзь вымушана з’язджаць за мяжу з-за сітуацыі ў Беларусі:

– Я вельмі люблю нашу краіну, нашу культуру, мову. Я ганаруся нашай гісторыяй. Але больш за ўсё я люблю людзей. Я люблю Беларусь!

Моладзевы блок стварылі тры рухі: “Учеба важнее”, што выступае супраць закону аб адтэрміноўках, Задзіночанне беларускіх студэнтаў, які з’яўляецца “БРСМам здаровага чалавека” – то бок не прымушае студэнтаў, а наадварот падтрымлівае іх, а таксама Legalize Belarus, што выступае супраць жорсткасці “антынаркатычнага” артыкула 328.

А за акцыяй „Моладзевага блоку” непрыкметна і пільна сачылі супрацоўнікі органаў – яны былі ў цывільным, перамаўляліся па рацыях ды здымалі ўсё на відэакамеру.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск