Пікет Эльвіры Мірсалімавай, якая любіць “рускі мір” і хоча ў парламент



У Віцебску прайшоў агітацыйны пікет вядомай прыхільніцы “рускага міру”, ініцыятаркі шэсця “Несмяротны полк”, аўтаркі антыбеларускіх артыкулаў на прарасейскіх інтэрнэт-рэсурсах Эльвіры Мірсалімавай. Яна балатуецца па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19, вылучыўшыся  ад Беларускай партыі працы і справядлівасці.

Партыйныя стасункі спадарыні Мірсалімавай настолькі шчыльныя, што яе даверанай асобай з’яўляецца кіраўнік абласной структуры БППС  Аляксандр Лукашок. Ен жа – дырэктар наваполацкага прадпрыемства “Гідрапрэс”, дзе партыйная вылучэнка працуе “па дамове найму”.

Нягледзячы на тое, што пікет Эльвіры Мірсалімавай быў першым у гэтай кампаніі, а сама яна сцвярджае, што “прадстаўляе інтарэсы большасці беларускага народу”, вялікай цікаўнасці да кандыдаткі не назіралася. Давераныя асобы раздавалі мінакам буклеты, дзе напісана, што “Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі – гэта цывілізацыйны выбар народаў, якія з’яўляюцца адзіным этнасам”. Сваю адданасць гэтай ідэі Эльвіра Мірсалімава актыўна дэманстравала, фатаграфуючыся з расейскім сцяжком-трыкалорам і чырвона-зялёным дзяржаўным сцяжком. На пытанне журналістаў, чаму яе не задавальняюць цяперашнія стасункі суверэнных краін, кандыдатка нічога ўцямнага сказаць не здолела. Адно паўтарала шаблонныя фразы пра залежнасць ад расейскіх сыравінавых рэсурсаў, пра неабходнасць пераемнасці  традыцый СССР і недапушчальнасць скажэння гісторыі, пра пашану да георгіеўскай стужкі як да сімвала перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і пра праваслаўную веру як фактар адзінства беларусаў і расейцаў. Пра свае планы, што да працы ў Парламенце ў сферы законатворчасці, Эльвіра Мірсалімава не сказала нічога.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск